Касцёл Святога Антонія Падуанскага. Пастаўскі раён, г. Паставы
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 07.03.2019 09:38
Касцёл Святога Антонія Падуанскага - помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Паставы Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў 1898–1904 гг. з цэглы архітэктарам А. Гойбелем у цэнтральнай частцы горада на правым беразе р. Мядзелка, на тэрыторыі былога францысканскага кляштара, заснаванага ў 1617 г. на сродкі С. і Г. Сянкевічаў-Бяганскіх. У гады Першай сусветнай вайны моцна пашкоджаны, знішчаны арган, галоўны алтар, амбон. У 1920-я гг. адбудаваны. Касцёл адносіцца да тыпу трохнефавых 1-вежавых базілік з трансептам, крыжападобны ў плане храм з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Асноўны аб'ём і крылы трансепта накрыты 2-схільнымі чарапічнымі дахамі, сяродкрыжжа якіх адзначана вытанчанай па прапорцыях сігнатуркай-шпілём. Вертыкальнай дамінантай фасада з'яўляецца 4-гранная вежа-званіца са спічастым гранёным шпілём. Бакавыя фасады прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Тры ўваходы на фасадзе вырашаны магутнымі стральчатымі парталамі, цэнтральны з якіх завершаны скульптурай Хрыста, бакавыя – вокнамі-ружамі. У агульным архітэктурна-стылёвым кірунку было выканана мастацкае афармленне інтэр'ера – алтары, амбон, арган, спавядальні і інш. У 1988 г. касцёл адрамантаваны, дзейнічае.
Касцёл унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
ЛІТАРАТУРА
1. Бынькоў, А. Пад апекай святога Антонія / А. Бынькоў // Народнае слова. – 2011. – 9 жн. – С. 6.
2. Каласоўская, А. М. Пастаўскі касцёл Антонія Падуанскага / А. М. Каласоўская // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 142.
3. Касцёл Антонія Падуанскага ў Паставах // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 544.
4. Касцёл святога Антонія Падуанскага // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 283–284.
5. Касцёл Святога Антонія Падуанскага // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 119–120.
6. Латыш, А. Калі ёсць у народа такія – не загіне давеку народ / А. Латыш // Пастаўскі край. – 2008. – 17 мая. – С. 4.
7. Пукшанскі, А. Гадзіннік на касцёле... / А. Пукшанскі // Звязда. – 2009. – 2 чэрв. – С. 8.
СПАСЫЛКІ
Паставы — парафія Св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі