Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл Святога Тадэвуша. Пастаўскі раён, в. Лучай

Касцёл Святога Тадэвуша ў в. Лучай пабудаваны ў 1766–1776 гг. як езуіцкі, па фундацыі Тадэвуша Агінскага, на паўночнай ускраіне вёскі. У XIX ст. вёска належала Эдварду Мастоўскаму, пасля паўстання 1863 г. перайшла да казны, у якой адкуплена генералам Клеўгенсонам. У першай палове XIX ст. касцёл часткова перабудаваны: прыўнесена ордэрная пластыка, размаляваны інтэр'ер, створана мураваная агароджа з трохпралётнай брамай. Касцёл – помнік архітэктуры з рысамі барока і класіцызму. Двухвежавая трохнефавая купальная базіліка з паўкруглай апсідай і трансептам. Галоўны фасад фланкіруюць трох'ярусныя вежы, раскрапаваныя вуглавымі пілястрамі, нішамі, прарэзаны прамавугольнымі вокнамі. Пры перабудове верхні ярус вежаў завершаны купальнымі ратондамі. Галоўны фасад, апсіду і трансепт вянчаюць лучковы і фігурныя шчыты. Сцены раскрапаваны пілястрамі, якія нясуць антаблемент дарычнага ордэра.

Інтэр'ер касцёла вырашаны ў насычанай архітэктурнай пластыцы таго ж дарычнага ордэра. У цэнтральным нефе скляпенне цыліндрычнае з распалубкамі, у бакавых – крыжовае, над сяродкрыжжам – сферычны купал. Ордэрную пластыку дапаўняюць насычаныя размалёўкі ў тэхніцы грызайль, якімі пакрыты амаль усе плоскасці і скляпенні інтэр'ера. Купал запаўняе ілюзорна-перспектыўная архітэктанічная кампазіцыя, у люнетах цэнтральнага нефа васьмігранныя плафончыкі, на ветразях, тарцовых сценах трансепта і ў конхе апсіды – выявы евангелістаў, святых і анёлаў. Сцены бакавых нефаў дэкарыраваны фрэскавай размалёўкай, якая імітуе скульптурны рэльеф. Гэтак жа выканана размешчанае над уваходам пано-картуш з выявамі двух воінаў са шчытамі і збраёвай арматурай. Над уваходам хоры.

Касцёл Святога Тадэвуша ў в. Лучай. Фотаздымак з сайта http://postavy.of.by/Касцёл Святога Тадэвуша ў в. Лучай. Фотаздымак з сайта http://postavy.of.by/Касцёл Святога Тадэвуша ў в. Лучай. Фотаздымак з сайта https://radzima.org

ЛІТАРАТУРА

1. Анішкевіч, А. Абноўлены, духоўна багаты / А. Анішкевіч // Пастаўскi край. – 2007. – 1 снеж. – С. 6.

2. Касцёл святога апостала Юды Тадэвуша // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 201–202.

3. Касцёл Тадэвуша // Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя [Выяўленчы матэрыял] = Christian churches and temples of Belarus in the pictures of Ian Balzunkevich, early XX century / уклад.: А. М. Кулагін, У. А. Герасімовіч. – Минск : Ураджай, 2000. – С. 192.

4. Касцёл Тадэвуша ў в. Лучай // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 543.

5. Лучайскі цуд / падрыхт. А. Бынькоў // Витебские вести. – 2017. – 18 марта. – С. 12.