Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Пастаўскі раён, в. Ласіца
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 07.03.2019 11:24
Рэтраспектыўна-рускую архітэктурна-стылёвую трактоўку атрымала мураваная царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в. Ласіца, пабудаваная ў пачатку XX ст. У аснове храма падоўжаны, прамавугольны ў плане аб'ём пад двухсхільным дахам, вільчак якога па цэнтры завершаны цыбулепадобным купалам на васьмігранным барабане. Да франтальнага фасада далучана вежа-званіца, якая складаецца з двух ніжніх чатырохгранных і верхняга васьміграннага ярусаў, шацёр над якімі завершаны макаўкай. Арачны ўваходны праём аформлены двухпілонным парталам з трохвугольным шчытом. Са старажытнарускага царкоўнага дойлідства запазычаны кілепадобныя ліштвы арачных праёмаў званіцы. Рытм бакавых працяглых фасадаў ствараецца прамавугольнымі вокнамі і лапаткамі ў прасценках. Архітэктурна-дэкаратыўны эфект дасягаецца кантрастным спалучэннем атынкаваных і пабеленых элементаў дэкору з паліхромным фонам бутавай муроўкі сцен. Абразы «Маці Божая на змеі» (к. XVIII ст.), «Маці Божая з дзіцём» (мяжа XVIII–XIX ст.).
ЛІТАРАТУРА
1. Свята-Пакроўская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 110.
2. Свята-Пакроўская царква ў в. Ласіца // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 539.
3. Храм Покрова Пресвятой Богородицы в д. Ласица // Храмы и монастыри Полоцкой епархии : фотоальбом / текст: О. В. Молодечкина, А. М. Якубовского ; фото О. В. Молодечкина. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2006. – С. 24.
4. Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 219.