Царква ў імя святога прарока Іліі. Бешанковіцкі раён, г. п. Бешанковічы
- Подробности
- Створана 23.10.2018 15:23
- Адноўлена 21.03.2019 14:35
Царква ў імя святога прарока Іліі пабудавана ў 1866–1870 гг. з цэглы на месцы храма, заснаванага ў XV ст. польскім каралём Казімірам IV Ягелончыкам, паводле іншых звестак – літоўскім князем Скіргайлам як удзячнасць Богу за выратаванне сваёй жонкі Елізаветы ад утаплення.
Помнік архітэктуры візантыйскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Цэнтрычны крыжовакупальны храм узняты на высокі падмурак. Над будынкам пяць 8-гранных светлавых барабанаў з шатровымі завяршэннямі і цыбулепадобнымі макаўкамі ў завяршэнні. Фасады расчлянёны ў 2 ярусы вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, крапаваны вуглавымі пілястрамі. Уваход вырашаны арачным перспектыўным парталам. Левы франтальны барабан служыў званіцай. У архітэктурным дэкоры пабеленых атынкаваных фасадаў выкарастаны элементы старажытнарускага дойлідства: кілепадобныя закамары, какошнікі, 3-лопасцевыя аркі.
Унутраная прастора 4 слупамі падзелена на 3 нефы з крыжовымі скляпеннямі, сяродкрыжжа перакрыта купалам на ветразях, на якіх выявы 4 евангелістаў. У афармленні інтэр'ера выкарастана алейная трафарэтная размалёўка. Апсіда вылучана драўляным іканастасам, бакавыя прыдзелы – 2 меншымі.
Абразы XVII–XIX стст.: «Успенне Багародзіцы», «Хрыстос Уседзяржыцель», «Прападобная Еўфрасіння Полацкая», «Маці Божая Замілаванне», «Тайная вячэра», «Успенне», «Маці Божая з дзіцем», «Маці Божая Казанская», «Двое сляпых», «Трое святых Пётр, Сімяон, Іуда», «Святы Сімяон», «Архангел Міхаіл», «Апосталы Мацвей і Іаан», «Спас», «Іаан» і інш.
ЛІТАРАТУРА
1. Бешенковичская Ильинская церковь // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 382.
2. Бешенковичская Свято-Ильинская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 45.
3. Господь дарует нам Победу! // Зара (Бешанковічы). – 2017. – 20 чэрв. – С. 3.
4. Ильчина, М. Не для себя, а для потомков / М. Ильчина // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 21 верас. – С. 6.
5. Леаненка, С. Бешанковічы ў «Запісках ігумена Арэста» / С. Леаненка // Зара (Бешанковічы). – 2017. – 18 ліп. – С. 3.
6. Пяць прычын наведаць Бешанковіцкі раён / падрыхт. Н. Чарнічэнка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 15 дек. – С. 5–6.
7. Степанищева, В. С милосердием к ближнему / В. Степанищева // Народнае слова. – 2002. – 12 кастр. – С. 4–5.
8. Царква ў імя святога прарока Іліі // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 47.
СПАСЫЛКІ