Царква ў гонар Святой Троіцы. Бешанковіцкі раён, г. п. Ула
- Подробности
- Створана 23.10.2018 15:23
- Адноўлена 21.03.2019 14:47
Архітэктурнай дамінантай забудовы г. п. Ула з'яўляецца манументальная царква ў гонар Святой Троіцы, размешчаная ў цэнтры пасёлка. Пабудавана ў 2-й палове XIX стагоддзя з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Да 1990-х гг. знаходзілася ў паўзруйнаваным стане, адноўлена.
Крыжова-купальны храм сіметрычнай падоўжна-восевай кампазіцыі: узнятыя на высокі цокаль званіца над прытворам, прамавугольная трапезная, кубападобная зала з бакавымі крыламі, паўкруглая апсіда з бакавымі трохграннымі прыдзеламі. У сілуэце пануе цыбулепадобная галоўка шатровай званіцы (васьмярык на чацверыку). Чатырохсхільны дах асноўнага кубападобнага аб'ёму ўзняты на два ярусы кілепадобных какошнікаў і завершаны цэнтральнай і чатырма вуглавымі цыбулепадобнымі галоўкамі на цыліндрычных барабанах (часткова разбураны). Атынкаваныя фасады завершаны філёнгавымі фрызамі і прафіляванымі карнізамі і насычаны архітэктурнай пластыкай: квадратныя шырынкі па цокалі і вуглавых лапатках, вуглавыя бочкападобныя калонкі, нішы, філёнгі і шматлікія крапоўкі, пазычаныя са старажытнарускай храмавай архітэктуры. Арачныя галоўкі і бакавыя ўваходныя і аконныя праёмы аздоблены кілепадобнымі ліштвамі.
Кампазіцыя інтэр'ера мае дынамічны характар: скрыжаванне перакрытых цыліндрычнымі скляпеннямі галоўнага і папярочных нефаў раскрываецца ў скляпенне сяродкрыжжа з адчыненым у яго цыліндрычным светлавым барабанам.
ЛІТАРАТУРА
1. Азёрны, С. Вяртанне храма / С. Азёрны // Зара (Бешанковічы). – 2001. – 6 сак. – С. 2.
2. Мурашкина, В. Дорога к своему храму / В. Мурашкина // Народнае слова. – 2003. – 16 жн. – С. 4.
3. Царква ў гонар Святой Троіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 401.
СПАСЫЛКІ
Храм Святой Живоначальной Троицы аг. Улла Бешенковичского района