Царква Казанскай Маці Боскай. Бешанковіцкі раён, в. Дарагакупава
- Подробности
- Створана 23.10.2018 15:23
- Адноўлена 21.03.2019 14:56
Царква Казанскай Маці Боскай – помнік драўлянага дойлідства са стылізаванымі формамі архітэктуры псеўдарускага стылю. Зрублена ў в. Дарагакупава ў 1902 г. з сасновага бруса. Храм чатырохчасткавай аб'ёмна-прасторавай падоўжна-восевай сіметрычнай кампазіцыі: званіца, прамавугольны ў плане бабінец, кубападобная зала, пяцігранная апсіда. Пластычная ўскладненасць і шматпланавасць будынка ўзмацняецца далучанымі да асноўнага аб'ёму нізкімі прыдзеламі і бакавымі рызніцамі апсіды. Прытвор з надбудаванай над ім званіцай аб'яднаны з бабінцам у агульны аб'ём. Дамінантай храма з'яўляецца чацверыковая аднаярусная званіца з цыбулепадобнай галоўкай. Складаная сілуэтнасць завяршэння званіцы дасягаецца спалучэннем чатырохграннага шатра з крыжовым двухсхільным дахам, карнізы якога ствараюць зігзагападобнае абрамленне. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з густой геаметрычнай сеткай пераплётаў. Перад уваходам ганак з 2 калонкамі, накрыты двухсхільным дахам. Унутраную прастору складаюць кубападобная зала, у якую шырокімі прасветамі расчыняюцца бабінец, апсіда і вузкія крылы прыдзелаў. Прытвор двума прасценкамі расчлянёны на тамбур, дзякоўскую з трохмаршавай лесвіцай на званіцу.
ЛІТАРАТУРА
1. Царква Казанскай Маці Боскай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 127.
СПАСЫЛКІ