Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканцаў. Бешанковіцкі раён, г. п. Ула
- Подробности
- Створана 23.10.2018 15:23
- Адноўлена 21.03.2019 15:24
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканцаў пабудаваны ў 1853–1864 гг. з цэглы намаганнямі ксяндза Мотуза (вёў набажэнствы на беларускай мове).
У 1669 г., тут, на месцы зруйнаванага старажытнага замка, каралеўскі сакратар Яўстахій Лукомскі і велікамірскі войскі Браніслаў Прысецкі збудавалі драўляны касцёл Святога Духа для манахаў-дамініканцаў. Адзін з нашчадкаў Прысецкага ў 1782 г. адабраў маёнтак у дамініканцаў, якія пакінулі Улу праз два гады. У 1800 г. Ігнацій Рэут аднавіў касцёл і парафію. Існуючы храм рамантаваўся ў 1882 і 1914 гг., акаймаваны агароджай з трохслуповай брамай. У 1935 г. быў забраны пад склад, пасля Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў паўзруйнаваным стане (знішчаны дах, столь, вежы). У 1999 г. быў рэстаўрыраваны і асвячоны. Адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1875–1876 гг.
Помнік архітэктуры позняга класцізму. Двухвежавы трохнефавы базілікальны храм з паўкруглай апсідай мае ліпідарную кампазіцыйную пабудову – прамавугольны ў плане аб'ём пад 2-схільным дахам. Плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах, апяразаны тонкапрафіляваным карнізам. Франтальны фасад быў фланкіраваны 2-яруснымі 4-граннымі вежамі з цыліндрычнымі сігнатуркамі (не захаваліся), расчлянёны на 3 праслы шырокімі лапаткамі. Уваход вырашаны прамавугольным праёмам пад паўкруглым сандрыкам і круглай люкарнай над ім (асвятляе хоры).
Унутраная прастора прадстаўлена 4 магутнымі крыжовымі ў сячэнні слупамі, перакінутымі праз іх аркамі і падзелена на тры нефы, цэнтральны быў перакрыты плоскай столлю, бакавыя вузкія – крыжовымі скляпеннямі, апсіда – конхай. Апсіда вылучана шырокім арачным прасветам, у ім на высокім п'едэстале стаяў 4-калонны алтар з разарваным лучковым франтонам. Дзве цэнтральныя калоны неслі на сабе фігуры святых, 2 скульптуры стаялі паміж бакавымі калонамі. Два разныя алтары ў стылі паміж бакавымі калонамі. Два разныя алтары ў стылі неаготыкі былі ўстаноўлены па баках прэсбітэрыя. Алтарная сцяна раскрапавана прамавугольнай і арачнымі нішамі, бакавыя – крапаваны падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Над уваходам на трайной аркадзе галерэя хораў.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканцаў // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008.– С. 357–358.
.