Манастыр Тадулінскі Свята-Успенскі. Віцебскі раён, в. Слабада
- Подробности
- Створана 25.04.2019 15:23
- Адноўлена 02.05.2024 10:28
Тадулінскі Свята-Успенскі манастыр быў заснаваны каля 1743 г. трокскім ваяводаю князем Тадэвушам Агінскім і яго жонкай княгіняй Ізабэлай на беразе маляўнічага возера Вымна. Спачатку манастыр быў уніяцкім і належаў Базыльянскаму ордэну. Яшчэ да стварэння манастыра на тым месцы існавала драўляная праваслаўная царква ў імя Успенія Прасвятой Богамаці. На яе фундаменце на рубяжы 1760–1770-х гг. была пабудавана мураваная царква, асвечаная полацкім уніяцкім арцыбіскупам Фларыянам Грабніцкім. Па ліквідацыі ў 1799 г. Віцебскага Успенскага базыльянскага манастыра яго манахі былі пераведзены ў Тадулінскі манастыр.
Галоўнымі манастырскімі святынямі былі дзве іконы: Прасвятой Богамаці, падораная князямі Агінскімі, у гонар якой быў асвечаны манастыр, і Свяціцеля Цудатворца Мікалая, перанесеная ў Тадуліна з Віцебскага Успенскага сабора. Манастыр меў багатыя бібліятэку і архіў. Тадулінскія манахі валодалі таксама значнымі зямельнымі ўгоддзямі, падараванымі Агінскімі і іншымі ахвяравальнікамі.
З 1842 г. манастыр стаў праваслаўным. На сярэдзіну 1860-х гг., калі яго наведаў вядомы віцебскі краязнаўца, сакратар Губернскага статыстычнага камітэта А. М. Семянтоўскі, манастыр знаходзіўся ў занядбаным стане. У ім жылі, акрамя настаяцеля, архімандрыта Ануфрыя, два іераманахі, тры святары, адзін дыякан і трое паслушнікаў.
У 1888 г. манастыр быў ператвораны ў жаночы. Манахі, людзі сталага ўзросту, многія – сляпыя і паралізаваныя, былі пераведзены ў Віцебскі Маркаў і Полацкі Богаяўленскі манастыры. Пачалося адраджэнне Тадулінскага манастыра. Яно звязана з дзейнасцю першай ігуменні Арыстаклеі. Яна давяла да ладу манастырскую гаспадарку.
На пачатку XX ст. у манастыры знаходзілася звыш 50 манахінь. Яны, разам з нанятымі вяскоўцамі, працавалі па абслугоўванні, утрыманні манастыра, яго храмаў, збудаванняў, займаліся паляводствам, агародніцтвам, садаводствам на манастырскіх землях. Праца давала плён і прыбытак. Манастыр быў здольны выдаткоўваць значныя ахвяраванні на справу адукацыі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі з мэтай захавання ранейшага ладу жыцця манахіні вымушаны былі арганізаваць калгас. Але Суражскі райвыканкам прапанаваў манашкам ісці да сваякоў або ў адзін з навакольных калгасаў. Памяшканні і маёмасць манастыра адышлі калгасу, арганізаванаму ў в. Слабада. Частка земляў была перададзена калгасам іншых вёсак. Значная колькасць элементаў унутранага ўбрання, абразоў, асабліва з пакрыццём каштоўнымі металамі, была вывезена ўладамі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны манастыр быў зруйнаваны. Па сённяшні дзень ён не адноўлены.
Тадулінскі Свята-Успенскі манастыр з'яўляўся важным цэнтрам духоўнага, культурнага, гаспадарчага жыцця ў Віцебскім рэгіёне. Яго гісторыя – неад'емная частка гісторыі Віцебшчыны і народа. Нават у самыя цяжкія часы манастыр даваў людзям прытулак і духоўнае суцяшэнне, нёс ў грамадства асвету, займаўся выхаваннем высокіх маральных ідэалаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Анечкина, Е. Тадулинскому монастырю быть! / Е. Анечкина // Віцебскі рабочы. – 2012. – 5 янв. – С. 21.
2. Быньков, А. Тихая обитель над Вымно / А. Быньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 5 авг. – С. VI. – (Прил.: «Вечерний Витебск»).
3. Василицина, Л. А. «Полоцкие епархиальные ведомости» как источник по истории Свято-Успенского Тадулинского женского монастыря / Л. А. Василицина // Книжное наследие А. П. Сапунова : материалы респ. науч.-практ. конф. к юбилеям издания А. П. Сапуновым книг «Витебская старина» (т. 1, 1883) и «Река Западная Двина» (1893), 23 дек. 2013 г. / [редкол.: А. И. Сёмкин и др.]. – Минск : НББ, 2014. – С. 222–226.
4. Василицына, Л. А. Устные источники в церковном краеведении: история монастыря по воспоминаниям старожилов / Л. А. Василицына // Віцебскі край / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Т. 2 : матэрыялы ІІ Міжнар. навук.-практ. канфер. «Віцебскі край», прысвеч. 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля, 24 лістап. 2016 г., Віцебск. – Мінск : НББ, 2017. – С. 261–265.
5. Внесли лепту в возрождение обители / подгот. И. Лобан // Витебские вести. – 2013. – 15 авг. – С. 23.
6. Пукшанский, А. В Тадулинской обители / А. Пукшанский // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 9 сент. – С. 10.
7. Савченко, Л. Возрождение обители / Л. Савченко // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2013. – 9 ліп. – С. 3.
8. Дулаў, А. М. Тадулінскі Свята-Успенскі манастыр / А. М. Дулаў // Віцебскі раён: краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М. В. Півавар. – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 210–212.