Касцёл Святога Казіміра. Лепельскі раён, г. Лепель
- Подробности
- Створана 20.05.2019 15:23
- Адноўлена 20.05.2019 09:52
Касцёл Святога Казіміра ўпершыню згадваецца ў 1604 годзе, калі канцлер Леў Сапега аддае горад манахам Віленскім і манашкам Бернардынскім і ахвяруе вернікам храм, які некалькі разоў гарэў (1779 і 1833 гг.).
У 1857–1876 гг. будуецца касцёл з цэглы на сродкі мясцовага абывацеля Пятра Мальчэўскага, які захаваўся да нашых дзён.
8 снежня 1876 года касцёлу прысвоены тытул Святога Казіміра.
З'яўляецца помнікам архітэктуры позняй класікі раманскага стылю.
Належыць да тыпу базілікальных 2-вежавых 3-нефавых храмаў з трансептам. Аб'ёмы нефаў, сакрысцій, крылаў трансепта ўтвараюць ступеньчатую кампазіцыю. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны рызалітам з 3-вугольным франтонам, дэкарыраваны філёнгамі, лапаткамі, карнізамі з сухарыкамі. Бакавыя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі.
Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках і падпружных арках, бакавыя – крыжовымі; сцены крапаваны пілястрамі і апяразаны прафіляваным карнізам. Над уваходам высока ўзнятая на 3-пралётную аркаду антрэсоль хораў. На алтарнай сцяне абразы «Ісус Хрыстос» і «Святы Казімір», у левым бакавым алтары абраз «Маці Божая Вастрабрамская».
У 1935 годзе ён быў закрыты, будынак выкарыстоўваўся з рознымі гаспадарчымі мэтамі: размяшчаліся тут і склады, і канторы, і хімчыстка.
У касцёле захоўваецца распяцце, узрост якога налічвае больш за ста гадоў. У 1935 годзе мясцовая жыхарка, каб захаваць святыню, забрала гэта распяцце ў сваю хату. Кажуць, таму яе дом і ацалеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1995 годзе ўнукі жанчыны вярнулі святыню на месца.
У пачатку верасня 2018 года ў касцёле адкрылі інтэграцыйны цэнтр (святліцу).
ЛІТАРАТУРА
1. Барадзейка, Л. «Выратаванне тапельцаў» або Справа аднаўлення касцёла / Л. Барадзейка // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1991. – 10 снеж. – С. 4.
2. Голубеў, В. Ф. Акт візітацыі Лепельскага парафіяльнага касцёла 1654 г. / В. Ф. Голубеў, А. А. Жлутка // VII Лепельскія чытанні : матэрыялы VII навукова-практычнай канферэнцыі (г. Лепель, 27–28 кастрычніка 2016 года) / пад рэд. Я. А. Грэбеня. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2017. – С. 57–61.
3. Запіс аб падараванні Льва Сапегі на карысць Лепельскага касцёла. 1604 // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 42–43.
4. Касцёл святога Казіміра // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 193–194.
5. Касцёл святога Казіміра // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін, мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 86.
6. Крывец, М. Храм святога Казіміра / М. Крывец // Лепельскі край. – 2005. – 4 кастр. – С. 3.
7. Лепельский костёл святого Казимира // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 43.
8. Лепельский район // Духовные святыни Витебщины = Geistliche Нeiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск, 2007. – С. 26.
9. Пашкевіч, Т. Святліцы не павінны пуставаць / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2018. – 11 сент. – С. 6.
10. Прымак, І. Няма лепшага месца... / І. Прымак // Народная газета. – 2009. – 19 снеж. – С. 15.
11. Цялятка, А. Прыгажосць служыць усім / А. Цялятка // Віцебскі рабочы. – 1996. – 14 чэрв. – С. 4.