Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл святога Антонія, руіны. Лепельскі раён, в. Губіна

Пасярод Губіна ўзвышаюцца руіны касцёла святога Антонія.

У 30-я гады ў гэтых мясцінах падрывалі камяні для будаўніцтва. Паспрабавалі падкласці пад касцёл узрыўчатку – вынік нулявы. Разбуральную справу здзейснілі людзі. Пасля закрыцця касцёла яны па цагліне разабралі яго. Быццам на карысную справу пайшоў будматэрыял – будаўніцтва хат. Аднак гісторыя страціла нашмат больш.

Велічны мураваны касцёл святога Антонія быў пабудаваны ў 1714 годзе стольнікам полацкім Янам Пакошам, асвечаны ў 1715 годзе епіскапам Бржастоўскім.

На грошы Яна Пакошы быў пабудаваны двухпавярховы будынак кляштара францысканцаў, паслядоўнікаў Францыска Асізскага.

Касцёл меў форму крыжа, з'яўляўся помнікам архітэктуры барока. Трохнефавая і двухвежавая базіліка з трансептам, але без апсіды. Праз скрысцію далучаўся да кляштарнага корпуса. На галоўным фасадзе ўзвышаліся дзве трох'ярусныя чацверыковыя вежы з фігурнымі ківорыямі і шчытом паміж імі. Фігурнымі шчытамі завяршаліся крылы трансепта і апсіды.

Унутраная прастора магутнымі слупамі і аркамі падзялілася на тры нефы з цыліндрычнымі скляпеннямі. У інтэр'еры меліся тры алтары, сярод якіх мастацкай работай вызначаліся галоўны –Найсвяцейшай Дзевы Марыі і бакавы – Найсвяцейшай Дзевы Марыі Вастрабрамскай. На левым слупе прэсбітэрыя навешаны быў амбон без ярка акрэсленай стылевай трактоўкі.

Пазней быў атрыманы дазвол на адкрыццё пры касцёле парафіяльнай школы і пабудаваны яе будынак.

Пры кляштары ў добра захаванай плебаніі ў 1910 годзе мелася вялікая бібліятэка і захоўваліся архівы францысканцаў. Іх далейшы лёс невядомы.

У пачатку XX стагоддзя касцёл у Губіне наведвалі 1815 чалавек.

У гісторыі захаваліся нямногія імёны святароў Губінскага касцёла. 45 гадоў кіраваў Камена-Губінскай парафіяй у сярэдзіне XIX стагоддзя ксёндз Франц Міхайлавіч Нарвайша, які меў крыж і медаль. Ігуменам парафіі быў больш за 12 гадоў ксёндз Бема. Вікарнымі былі Міхаіл Рафаілавіч і Ян Сабас. Шмат зрабіў для касцёла і парафіянаў ксёндз Фелікс Зарэмба, які кіраваў парафіяй у 1910–1914 гг.

У архівах вобласці Губінскі касцёл у 1924 годзе ўзгадваецца як дзеючы.

Апошняя імша адбылася ў 1929 годзе. Касцёл зачынілі.

Нейкі час будынак быў замкнуты, з яго знялі крыжы. Пасля ў ім зрабілі клуб, праводзілі сходы, танцы.

У 1942 годзе касцёл пераўтварылі ў амбар.

Пасля вызвалення ад немцаў мясцовыя жыхары пачалі разбіраць сцены на цэглу.

Да цяперашняга часу захаваліся толькі вежа і кут будынка.

 

Руіны касцёла святога Антонія. 3D-мадэль, фотамантаж А. Невар, арыгiнальнае фота – А. Кузмін. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.orgРуіны касцёла святога Антонія. 3D-мадэль, фотамантаж А. Невар, арыгiнальнае фота – А. Кузмін. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.orgРуіны касцёла святога Антонія. 3D-мадэль, фотамантаж А. Невар, арыгiнальнае фота – А. Кузмін. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.orgКасцёл Св. Антонія на здымку да 1913 года. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.orgРуіны касцёла святога Антонія ў вёсцы Губіна. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.orgРуіны касцёла святога Антонія. Від зверху. Фотаздымак з сайта https://planetabelarus.by

ЛІТАРАТУРА

1. Петрушин, В. Костёл и монастырь в Губино / В. Петрушин // Витебский курьер. – 2001. – 15 июня. – С. 4.

2. Стэльмах, А. Губінскія кляштар і касцёл / А. Стэльмах // Лепельскі край. – 2001. – 26 крас. – С. 2.

3. Стэльмах, А. Помнік архітэктуры / А. Стэльмах // Лепельскі край. – 2002. – 15 мая. – С. 3 ; 26 ліп. – С. 2.

4. Яшуш, І. Касцёл у Губіне / І. Януш // Культура. – 1999. – 21–27 жн. – С. 13.