Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Царква Губінская Свята-Мікалаеўская. Лепельскі раён, в. Макараўшчына

Першае ўпамінанне пра Губінскую царкву ў в. Макараўшчына адносіцца да 1839 года, калі настаяцель храма Антоній Лавецкі падпісаў зварот супраць скасавання уніі.

У 1862–1864 гг. святаром быў Стэфан Квяткоўскі, які скончыў Полацкую духоўную семінарыю.

У 1882 годзе пры храме адкрылася царкоўна-прыходская школа, дзе плата за навучанне не бралася.

Да 1896 года каменная царква была пабудавана паверх драўлянай.

У 1896 годзе епіскап Полацкі і Віцебскі Аляксандр наведаў царкву ў Губіне. На той час «Полацкія епархіяльныя ведамасці» пісалі: «У сёлах Свяча, Стрыжава і Губіне цэрквы ўзведзены ў самы кароткі час на сродкі часткова казённыя, часткова мясцовыя. Усе тры каменныя, прыгожай архітэктуры. Унутранае іх убранства больш чым здавальняючае».

У 1896 годзе пры царкоўна-прыходскай школе быў інтэрнат. Навучальная ўстанова пры царкве адзначалася як найбольш значная ў выхаваўчых і вучэбных адносінах. Школа мела асабістую пабудову, якую ў 1896-1897 гг. за свой кошт рамантаваў святар Іосіф Счансновіч.

Перад Вялікай Айчыннай вайной у царкве было зладкавана калгаснае зернясховішча, а падчас вайны храм аблюбавалі паліцаі.

Пасля вайны калгас зноў зрабіў у царкве зернясховішча. I ўсё ж самую вялікую шкоду царкве, як, дарэчы, і касцёлу Свягога Антонія, нанеслі некаторыя мясцовыя жыхары. Яны выбівалі цэглу, выдзіралі ўсё драўлянае, металічнае. Таму менавіта ў 50–70-я гг. XX ст. быў нанесены самы значны ўрон пабудове.

У канцы 1980-х, калі храмы пачалі вяртаць вернікам, загаварылі пра аднаўленне будынка царквы ў Макараўшчыне. У пачатку 90-х гг. за справу ўзяўся жыхар вёскі Суша, галоўны ветэрынарны ўрач калгаса «Чырвоны сцяг» Міхаіл Фёдаравіч Гутнік. У 1994 годзе пачалася рэканструкцыя, якая працягваецца і зараз.

Храм уяўляе сабой помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. У аснове аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі вялікі, купалападобны аб'ём пад 4-схільным дахам, завершаны макаўкай. Да яго далучаны прамавугольныя ў плане прытвор, бакавыя прыдзелы і апсіда. Над прытворам надбудавана 2-ярусная 8-гранная шатровая званіца, завершаная макаўкай. Фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, крапаваны вуглавымі руставанымі лапаткамі і паўкалонкамі.

 

Будынак Губінскай Свята-Мікалаеўскай царквы. Лепельскі край. Фотаздымак з сайта https://upload.wikimedia.org

ЛІТАРАТУРА

1. Адноўленая царква // Лепельскi край. – 2008. – 15 лют. – С. 7.

2. Гутнік, М. Губінская Свята-Мікалаеўская царква / М. Гутнік // Лепельскі край. – 2008. – 25 крас. – С. 7.

3. Хаванская, Н. Аднаўляецца храм / Н. Хаванская // Лепельскі край. – 2017. – 23 чэрв. – С. 3.

4. Храм Святителя Николая Чудотворца // Витебская епархия. Монастыри, храмы и приходы : справочник / сост. А. Матвеев. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2009. – С. 94.

5. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя. – 2007. – С. 247.

6. Шушкевіч, У. Царква ў Макараўшчыне / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2008. – 18 сак. – С. 3.

7. Шушкевіч, У. Царкву аднаўляюць аматары / У. Шушкевіч // Белорусская нива. – 2008. – 28 марта. – С. 4.