Касцёл Святога Андрэя Баболі. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 02.07.2019 15:23
- Адноўлена 02.07.2019 09:36
Касцёл Святога Андрэя Баболі знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы горада (Задзвінне) сярод жылога квартала, абмежаванага вуліцамі Дзяржынскага, Караленкі, Тургенева. Пабудаваны ў 1997 годзе ў выніку рэканструкцыі кінатэатра «Юбілейны» (праект распрацаваны ў 1994 годзе архітэктарам В. А. Папругай).
Храм вырашаны па каноне 3-нефавай аднавежавай базілікі з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Дынамічную ўзнёсласць кампазіцыі храма надае 5-ярусная чацверыковая званіца са спічастым гранёным шатром. Цэнтральны неф па баках расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, бакавыя – прамавугольнымі. Асіметрыю ў аб'ёмную кампазіцыю храма ўносіць прыбудова да бакавога нефа 2-павярховага пад вальмавым дахам аб'ёму, прызначанага для нядзельнай школы і плябаніі.
Унутраная прастора размежавана трыма парамі крыжовых у сячэнні слупоў і перакінутымі праз іх аркамі на 3 рознавялікія нефы, перакрытыя плоскімі драўлянымі столямі з эмітацыяй кесонаў. Цэнтральны неф пераходзіць у 5-гранную апсіду, дэкарыраваную ў цэнтры перспектыўнай аркай са скульптурай Мадонны, драўляным крыжом і акном-люкарнай з вітражом над ёй. Над нартэксам двума слупамі ўзнесена галерэя хораў, якая выступае ў цэнтральны неф паўкругам. Тры пралёты хораў адкрываюцца ў нефы шырокімі арачнымі прасветамі. На хорах устаноўлены арган. Адзіным элементам мастацкага ўбрання плоскасных сцен інтэр'ера з'яўляецца скрыя гравюр на тэмы крыжовага шляху Хрыста.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцёл Святога Андрэя Баболі // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 126.
2. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 297.