Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга. Полацкі раён, в. Шпакоўшчына
- Подробности
- Створана 04.07.2019 15:23
- Адноўлена 04.07.2019 15:12
Спаса-Прэабражэнская царква знаходзіцца ў цэнтры в. Шпакоўшчына. Пабудавана ў 2-й палавіне XIX стагоддзя з цэглы. У 1956 годзе царква была закрыта. 3 1990 года зноў дзейнічае.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана паводле канона 4-часткавага праваслаўнага храма: званіца, трапезная, малітоўная зала з бакавымі прыдзеламі, апсіда з рызніцай. Дзве вертыкальныя дамінанты з цыбулепадобнымі купаламі на гранёных барабанах – шатровая 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) над прытворам і кубападобны аб'ём малітоўнай залы пад пакатым 4-схільным дахам. Дынаміка кампазіцыі нарастае ад нізкіх рызніцы і прыдзелаў да цэнтральнага аб'ёму і завяршаецца высотнай дамінантай шатровай званіцы. Уваход вырашаны манументальным 2-слуповым арачным ганкам-рундуком. Мае насычаную дэкаратыўную апрацоўку – вуглавыя лапаткі з шырынкамі і ўразныя калонкі, круглыя разеткі, прафіляваныя карнізы з філёнгавымі і какошнікавымі фрызамі, рустоўку, падваконныя філёнгі. Адзінарныя і патройныя арачныя аконныя праёмы апрацаваны прафіляванымі паўкруглымі і кілепадобнымі ліштвамі. Унутры памяшканні аб'яднаны шырокімі арачнымі прасветамі, апсіда вылучана 3-ярусным драўляным іканастасам.
ЛІТАРАТУРА
1. Спаса-Прэабражэнская царква ў в. Шпакоўшчына Полацкага раёна // Полацкi веснiк. – 2000. – 19 снеж. – С. 3.
2. Спаса-Праабражэнская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 210.