Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 04.07.2019 15:23
- Адноўлена 04.07.2019 15:25
Знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы горада (Задзвінне), на вуліцы імя 23 гвардзейцаў, на левым беразе р. Заходняя Дзвіна.
Кляштар заснаваны ў 1498 годзе манахамі-бернардзінцамі па фундацыі вялікага князя Аляксандра Ягелончыка. Першы драўляны касцёл быў узведзены ў 1502 годзе. Пасля Лівонскай вайны 1558–1583 гг. кляштар спыніў дзейнасць і перайшоў да праваслаўных.
У 1696 годзе полацкі ваявода Аляксандр Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў, для якіх былі ўзведзены драўляныя будынкі касцёла Маці Божай і кляштарнага корпуса. У 1758 годзе былі пабудаваны мураваныя карпусы, аб'яднаныя вузкім пераходам. Мураваны касцёл быў узведзены ў 1769 годзе. У 1772 годзе пры ім налічвалася 10 манахаў, дзейнічала школа філасофіі. У комплекс уваходзілі: кузня, стайня, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, пладовы сад з агародам. Кляштар скасаваны ў 1832 годзе, касцёл быў перабудаваны пад царкву. Захаваўся жылы корпус.
Касцёл – твор архітэктуры барока (захаваліся руіны). Аднанефавы з трансептам 2-вежавы храм пад 2-схільным дахам. Галоўны фасад фланікравалі 4-ярусныя вежы зграбных прапорцый, паміж якімі, як і над крыламі трансепта, узвышаўся фігурны франтон. У пластыцы фасадаў выкарыстаны класічны ордэр.
Жылы корпус – помнік архітэктуры барока. Вырашаны «глаголем» – да выцягнутага прамавугольнага ў плане 2-павярховага будынка з захаду перпендыкулярна далучана карацейшае крыло з трапезнай на 1-м паверсе. Плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах і буйнымі пілястрамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам. Унутраная планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем перакрытых скляпеннямі келляў.
ЛІТАРАТУРА
1. Боровкова, А. А. Прошлое и настоящее костела Святой Анны монастыря бернардинцев в Полоцке / А. А. Боровкова // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – 2007. – Вып. 22 : Строительство. – С. 3–5.
2. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 125–126.
3. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 296.
4. Осіпаў, Ю. Метамарфозы бернардзінскага кляштара / Ю. Осіпаў // Культура. – 2007. – 22–28 снеж. – С. 22.
5. Полоцкий монастырь бернардинцев // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 335.
6. Чарняўская, Т. І. Кляштар Бернардзінцаў / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1985. – С. 345.