Царква Свята-Ільінская. Докшыцкі раён, в. Камайск
- Подробности
- Створана 15.08.2019 15:23
- Адноўлена 19.08.2019 13:57
Свята-Ільінская царква ў в. Камайск – помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1809 г. па фундацыі Яна і Тэрэзы Мацкевічаў. Абодва зрубы, асноўны і алтарны, амаль квадратныя ў плане, роўнай вышыні і накрыты агульным двухсхільным дахам, які ўтварае 3-вугольныя застрэшкі над месцам злучэння зрубаў. Тарэц даху на галоўным заходнім фасадзе аформлены ўсечаным трапецападобным франтонам і завершаны чацверыковай вежай, накрытай спічастым чатырохсхільным шатром з заломамі. Шчыт франтона аздоблены дыяганальнай ашалёўкай «у ёлачку». Вільчык даху над алтаром увенчаны шатровай вежай, падобнай на галоўную. Будынак мае 3 уваходы, над якім высока размешчаны падвойныя прамавугольныя вокны, да галоўнага ўваходу прыбудаваны невялікі прытвор. Нягледзячы на камернасць збудавання, храм стварае ўражанне больш значнага маштабу і ампірнай урачыстасці. У ім спалучаюцца традыцыйныя цяслярскія прыёмы з класіцыстычнай трактоўкай формаў.
Царкве ў Камайску ўжо больш за 300 гадоў. Службы ў ёй вялі святары з Докшыц. У 1963 годзе яна была афіцыйна зачынена.
У 1989 годзе царкву асвяцілі і храм зноў стаў выконваць сваё першапачатковае значэнне.
ЛІТАРАТУРА
1. Ільінская царква ў в. Камайск // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 668–669.
2. Пашэвіч, В. На свята ў Камайск / В. Пашэвіч // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2003. – 20 жн. – С. 4.
3. Царква ў імя святога прарока Іліі // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 190.