Царква Свята-Георгіеўская. Докшыцкі раён, в. Тумілавічы
- Подробности
- Створана 15.08.2019 15:23
- Адноўлена 19.08.2019 14:05
Свята-Георгіеўская царква ў в. Тумілавічы – помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1863–1864 гг., паблізу былога панскага маёнтка. У кампазіцыі царквы дамінуе асноўны зруб, які мае незвычайную 8-гранную форму. Да яго па восі усход–захад далучаны прамавугольныя прырубы прытвора і апсіды. Цэнтральную кампазіцыю завяршае 8-гранны барабан, шацёр якога завершаны цыбулепадобнай галоўкай, а аснаванне апяразана поясам трохвугольных франтонаў. Такімі ж франтонамі завершаны грані аб'ёмаў. Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах.
Малітоўная зала перакрыта шатровым гранёным скляпеннем з заломам пасярэдзіне, дзе абапіраецца на слупы. Абразы 1901–1905 гг.: «Маці Божая Нерукатворная», «Успенне», «Святыя Пётр і Павел», «Святы архангел Міхаіл», «Маці Божая з дзіцем», «Ісус Хрыстос», «Святы Георгій», «Маці Божая Смаленская».
ЛІТАРАТУРА
1. Тумілавічы сустракалі Уладыку / фота А. Варанковіча // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2017. – 13 мая. – С. 5.
2. Царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 396.