Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Царква Спаса-Праабражэнская. Докшыцкі раён, в. Порплішча

Спаса-Праабражэнская драўляная царква знаходзіцца ў цэнтры вёскі, каля дарогі Докшыцы – Глыбокае. Гэта найбольш вядомы старажытны помнік драўлянага дойлідства і асноўная славутасць вёскі Порплішча. З часу сваёй пабудовы яна некалькі разоў абнаўлялася і рамантавалася.

Існавала царква ўжо ў 1627 годзе і была пабудавана на драўляных цвіках, каб пазбегнуць пажару ад навальніцы. У 1794 г. на яе месцы ўзведзена новая драўляная царква, якая захоўвала традыцыі беларускага драўлянага дойлідства папярэдняга часу, аднак набыла рысы стылю класіцызму. Ад старой царквы ўцалелі фрагменты разьбянога іконастаса XVII стагоддзя. У 1884 годзе прыбудавана званіца. Пасля перадачы царквы праваслаўным у 1980 годзе яна была перабудавана і асвечана нанова. Але, тым не менш, для драўлянай пабудовы гэта проста выключна старадаўні і пры гэтым добра захаваны будынак.

Храм вырашаны выцягнутым па падоўжанай восі крыжова-купальным аб'ёмам. Скрыжаванне 2-схільных дахаў прамавугольных трапезнай, апсіды i бакавых прыдзелаў завершана магутным 8-гранным светлавым барабанам, перакрытым паўсферычным купалам з падкрыжавым ліхтаром. Над прытворам надбудаваны 2 чацверыковыя ярусы званіцы, завершанай шатром. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Уваход вылучаны 2-слупавым ганкам пад 2-схільным пакрыццём.

У інтэр'еры сяродкрыжжа перакрыта 8-гранным купалам на падпружных арках. У бабінцы на 2 слупах размешчаны хоры. У іканастасе выкарыстаны фрагменты ўцалелага разнога драўлянага алтара XVIII стагоддзя, ён пакрыты разным раслінна-арнаментальным дэкорам у стылі барока, упрыгожаны драўлянай скульптурай анёлаў, дэкаратыўнымі вазамі. Абразы XVIII–XIX стст.: «Святое сямейства», «Спас», «Маці Божая з дзіцем», «Пакроў», «Мікалай Цудатворац» (каля 1794), «Архангел Mixaiл», «Архангел Гаўрыіл», «Тайная вячэра» (у невялікім драўляным алтарчыку), алтарныя абразы – «Іаан Багаслоў», «Укрыжаванне з Маці Божай i Іаанам Багасловам» (2-я палавіна XVIII стагоддзя, на балюстрадзе хораў).

 

Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга ў в. Порплішча. Фотаздымак з сайта https://vedaj.by

ЛІТАРАТУРА

1. Альшэўская, Т. Царкве ў Порплішчы – 390 гадоў / Т. Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2017. – 23 жн. – С. 5.

2. Самбук, С. Ф. Спаса-Праабражэнская царква / С. Ф. Самбук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 254–255.

3. Спаса-Праабражэнская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 667–668.

4. Спаса-Праабражэнская царква // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 667–668.

5. Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 336–337.

6. Чувахова, Т. Каяцца і верыць / Т. Чувахова // Родныя вытокі (Докшыцы). – 1996. – 24 жн. – С. 2.

7. Чувахова, Т. Порплішча. Спаса-Праабражэнская царква / Т. Чувахова // Родныя вытокі (Докшыцы). – 1999. – 24 лістап. – С. 2.