Касцёл Іаана Хрысціцеля. Докшыцкі раён, в. Валкалата
- Подробности
- Створана 19.08.2019 15:23
- Адноўлена 19.08.2019 14:34
Касцёл Іаана Хрысціцеля найбольш старажытнае культавае збудаванне і асноўная славутасць в. Валкалата. Парафія была заснавана яшчэ ў 1625 г. Захавалася званіца, пабудаваная ў 1748 г.
Існуючы цяпер мураваны касцёл быў узведзены ў 1893 годзе ў псеўдабарочным стылі. І на дадзены момант ён добра адрэстаўрыраваны. Сцены збудавання змураваны з бутавага каменю, а дэкаратыўныя дэталі выкананы з цэглы і атынкаваны.
Архітэктоніка храма ўяўляе несапраўдную «схаваную» 3-нефавую базіліку. Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам з атыкавымі франтонамі на тарцах, аздобленымі буйнымі валютамі. Фасады расчлянёны шырокімі пілястрамі, працягнутымі на фрыз антаблемента, фігурнымі абрамленнямі вокнаў і парталаў, белы колер якіх эфектна кантрастуе з маляўнічым фонам бутавай муроўкі.
Унутры прастора падзелена чатырма драўлянымі слупамі на 3 нефы, якія маюць бэлечныя столі рознай вышыні. Прэсбітэрый вылучаны сцяной з лучковым завяршэннем. Абапал прэсбітэрыя ў 2 ярусы размешчаны сакрыстыі. У нартэксе над уваходам знаходзяцца музычныя хоры з арганам. Верхнія ярусы бакавых памяшканняў нартэкса адкрываюцца ў асноўную залу арачнымі праёмамі. Аздобу інтэр'ера складаюць 5 драўляных алтароў, якія вырашаны як 2-ярусныя прысценныя архітэктурныя кампазіцыі з карынфскімі калонамі і пілястрамі, раскрапаванымі антаблементамі і разарванымі лучковымі франтонамі. Алтары ўпрыгожаны скульптурнымі выявамі святых і анёлаў, дэкаратыўнай разьбой. У фігурных філёнгавых рамах размешчаны каштоўныя абразы, сярод якіх абраз «Маці Божая з дзіцем» (1667). Падобны барочны дэкор мае арган, вырашаны як своеасаблівы карынфскі порцік са складаным фігурным завяршэннем і валютамі па баках. Многія элементы начыння інтэр'ера паходзяць з больш ранняга касцёла, які існаваў на гэтым месцы.
Побач з касцёлам размясцілася вялікая званіца. Касцёл з'яўляецца важным архітэктурным помнікам XIX стагоддзя.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцёл Іаана Хрысціцеля // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 247–248.
2. Касцёл Іаана Хрысціцеля ў в Валкалата // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 669–670.
3. Касцёл у вёсцы Ваўкалаты // Народнае слова. – 1995. – 29 сак. –С. 1.
4. Пашэвіч, В. Валкалата. Касцёл Святога Яна-Іаана Хрысціцеля / В. Пашевіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 1999. – 8 снеж. – С. 2.
5. Шик, В. Таинства видимый знак / В. Шик // Витебский курьер. – 1999. – 29 янв. – С. 3.