Касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Докшыцкі раён, г. Докшыцы
- Подробности
- Створана 19.08.2019 15:23
- Адноўлена 19.08.2019 14:40
Першы касцёл Святой Тройцы размяшчаўся ў цэнтры мястэчка на гандлёвай плошчы. Быў заснаваны ў 1608 годзе ксяндзом Станіславам Кішкам. Праіснаваў ён 100 гадоў. У 1708 годзе шведскія войскі, якія ішлі з Рыгі на Украіну, спалілі святыню разам з ўсім мястэчкам.
Другі драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1745 г. на сродкі парафіяніна Міхаіла Федаровіча і ў 1753 годзе быў асветлены. У 1781 г. з дазволу папы Пія VI пры докшыцкім касцёле арганізавана брацтва св. Тройцы, зацверджанае біскупам С. Масальскім у 1785 г. У 1791 г. на сродкі шляхціца Трацэўскага пры касцёле была пабудавана новая школа, а касцёл перароблены ў стылі класіцызму. Архітэктурнае вырашэнне храма вядома па фотаздымку пачатку XX ст. Я. Балзункевіча. Гэта быў просты прамавугольны ў плане аб'ём, накрыты двухсхільным дахам, вільчык якога пасярэдзіне прарэзваў невялікі васьмярык з фігурнай сігнатуркай. Галоўны фасад быў аформлены 6-калонным порцікам, завершаным 3-вугольным франтонам з вялікім арачным праёмам у цэнтры. Каля касцёла была пабудавана званіца, якая мела тры званы, 2 меншыя мелі фундацыйныя надпісы: «Міхаіл Федаравіч 1743» і «Ян Сгалькоўскі, мешчанін докшыцкі, звон той купіў на хвалу Пана Бога ў 1755 г.». Касцёл гэты спалены летам 1943 г. Ад святыні засталіся толькі агароджа, брама і званіца. У 1945 г. у Докшыцах была пабудавана невялікая драўляная каталіцкая капліца.
Будаўніцтва новага мураванага касцёла пачалося 24 снежня 1991 года, завершана ў 1995 годзе. Касцёл узвысіўся ў паўднёва-заходняй частцы горада на месцы першых уніяцкіх магіл, якія пад канец XIX ст. былі зачынены. Алтаром святыня арыентавана на захад. Архітэктура касцёла з магутнай прызматычнай вежай, далучанай да паўднёва-ўсходняга вугла нефа з боку галоўнага фасада, мае рысы рэтраспектыўна-раманскага стылю. Да паўднёва-заходняга вугла касцёла прылягае 2-павярховы мураваны будынак плябаніі.
ЛІТАРАТУРА
1. Бяляўская, Н. Шлях да манаства / Н. Бяляўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2015. – 14 студз. – С. 7.
2. Жылевіч, А. Ля вытокаў / А. Жылевіч // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2005. – 31 жн. – С. 3.
3. З гісторыі Рымска-каталіцкай парафіі Святой Тройцы // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2008. – 13 снеж. – С. 3 ; 17 снеж. – С. 2 ; 20 снеж. – С. 7 ; 24 снеж. – С. 2.
4. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар францысканцаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 128.
5. Касцёл св. Тройцы // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 666.
6. Костёл Святой Троицы // Докшицам 600 : справочно-информационные материалы / отдел идеологической работы Докшицкого райисполкома ; фото: С. А. Васько, Ю. А. Шульгат. – Новополоцк, 2007. – С. 18.
7. Малько, Т. Адраджэнне / Т. Малько // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2007. – 15 верас. – С. 6.
8. Маслоўскі, І. А. Ад імя Папы Рымскага / І. А. Маслоўскі ; гутарыў С. Бычкоў // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2001. – 21 крас. – С. 2.
9. Шик, В. Новый монастырь / В. Шик // Витебский курьер. – 2003. – 28 нояб. – С. 4.
10. Шульгат, Т. Парафіі Святой Троіцы 400 год / Т. Шульгат // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2009. – 17 студз. – С. 7.
11. Шульгат, Т. Служыць дзеля людзей і Бога / Т. Шульгат // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2008. – 17 снеж. – С. 4.