Касцёл імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Каралевы Кароны Польскай. Докшыцкі раён, в. Порплішча
- Подробности
- Створана 19.08.2019 15:23
- Адноўлена 19.08.2019 14:52
Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Каралевы Кароны Польскай - помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1937–1941 гг. мясцовымі майстрамі. У 1950-я г. вежа зачыненага касцёла была знята, будынак прыстасаваны пад Докшыцкую школу механізацыі, пазней, да 1990-х гадоў, у ім часова размяшчалася жыллё і сховішча. У 1991–1993 гг. намаганнямі вернікаў касцёл быў адноўлены.
Архітэктанічная кампазіцыя касцёла складаецца з выцягнутага прамавугольнага ў плане асноўнага аб'ёму, накрытага высокім двухсхільным дахам, прамавугольнай алтарнай часткі з сіметрычнымі сакрысціямі па баках, накрытымі больш нізкімі дахамі, і шмат'яруснай чацверыковай вежы на галоўным фасадзе. Унутраная прастора храма падзелена апорнымі слупамі на 3 нефы з бэлечнымі перакрыццямі. 3 боку ўвахода ўнутры асноўнага аб'ёму вылучаны нартэкс з арганнымі хорамі. Ніжні чацвярык вежы часткова выступае на галоўным фасадзе, ствараючы крыты ганак (экзанартэкс). Верхні ярус вежы і сігнатурка, якая прарэзвае вільчык даху каля алтара, накрыты традыцыйнымі чатырохсхільнымі шатрамі-«каўпакамі» са злёгку выгнутымі схіламі, што надае форме пакрыцця вытанчанасць. Сцены звонку гарызантальна ашаляваны і ўмацаваны вертыкальнымі сцяжкамі. Архітэктурнае вырашэнне святыні ўдала працягвае традыцыі драўлянага касцельнага дойлідства Беларусі.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцёл Маці Божай у в. Порплішча // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 668.
2. Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Каралевы Кароны Польскай // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 300–301.
3. Чувахава, Т. Порплішча. Касцёл Маці Божай Крулевай кароны Польскай / Т. Чувахава // Родныя вытокі (Докшыцы). – 1999. – 24 лістап. – С. 2.