Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Сенненскі раён, г. Сянно

У 1609 г. для канвентуальных францысканцаў Яўстафіем Курчам у Сянно быў пабудаваны касцёл. Ён насіў імя Францыска Асізскага, заснавальніка ордэна.

Архітэктар – Іаган Вільгельм Фрэзэр.

У 1772 г. пры актыўным удзеле новых уладароў горада, прадстаўнікоў княжацкага роду Залуцкіх-Агінскіх, Тадэвуша і Ядвігі, драўляны будынак касцёла быў заменены на цагляны і асвечаны ў гонар Святой Тройцы. У гэтым жа годзе з Рыма сюды былі перанесены мошчы Святога Фартуната. Дазвол на гэта быў атрыманы ад папы Рымскага Кліменція XIV.

У 1809 г. з заходняга боку касцёла быў вымураваны новы жылы будынак манастыра. Кляштар у той час з'яўляўся асяродкам культуры, меў багатую бібліятэку, пры ім была адкрыта першая ў Сянно школа.

У выніку антыкаталіцкай палітыкі рускага царызму, што ўзмацнілася пасля нацыянальных вызваленчых рухаў на Беларусі ў 1863–1864 гг., вялікая колькасць кляштараў была скасавана. Вымушаны былі пакінуць Сянно і францысканцы. Касцёл перайшоў да епархіяльнага духавенства ў складзе Магілеўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі.

Трагічнымі для сенненскага касцёла аказаліся 30-я гг. ХХ ст. Касцёл працаваў да 1937 года. Разрабаваны і пашкоджаны ваеннымі дзеяннямі, атэістычным вандалізмам, выкарыстоўваемы як склад, храм – унікальны помнік гісторыі і культуры – канчаткова быў знішчаны 17 верасня 1962 года.

Сенненскі касцёл уяўляў рэдкі па прыгажосці, адзін з лепшых прыкладаў мастацтва сталага барока ў Беларусі. Здалёк быў бачны велічны белы сілуэт пабудовы, што ўзвышалася над возерам. У першую чаргу ўвагу да сябе прыцягваў галоўны, арыентаваны амаль строга на поўнач, фасад. Тыповыя, найбольш характэрныя элементы стылю ў ім спалучаліся ў даволі арыгінальную кампазіцыю, якая не сустракаецца ні ў адным з вядомых прыкладаў айчыннай культавай архітэктуры.

Аснову кампазіцыі складалі тры ярусы: першы з іх з галоўным нефам (зала на шырыню амаль усяго касцёла) пераходзіў у больш вузкі, своеасаблівы атык, над якім узвышалася арыгінальная вежа, завершаная шлемам з крыжам. Ствараемае такім чынам уражанне імкнення ў вышыню падкрэслівалася групамі калон першага і другога ярусаў. Апошні быў абрамлены валютамі, размешчанымі над верхам да яго плоскасці і завяршаўся крывалінейным разарваным франтонам, што рабіла сілуэт усяго будынка асабліва выразным і дынамічным.

Кампазіцыйны і ідэйны цэнтр складаў размешчаны над высокім лучковым аконным праёмам першага яруса трохвугольны паўразарваны франтон з сімвалам Святой Тройцы. Вокам Апекі Боскай у трохвугольніку ў абрамленні промняў з'яўляўся маляваны вобраз з выявай Хрыста пасярэдзіне атыка.

Своесаблівым кантрастам гэтай узнёсласці і тыпова барочнай патэтыкі былі строгія і простыя бакавыя фасады, тарцы трансепта і прэсбітэрыі. Карнізы і аконныя праёмы аднолькавай формы з тымі элементамі галоўнага фасада, а таксама звязкі і групы пілястраў, што былі адпаведнікамі калон, аб'ядноўвалі іх стылістычна.

Невялічкая званіца над алтарнай часткай і завяршэнні тарцоў трансепта, увенчаныя крыжамі, падкрэслівалі гэтае адзінства.

Інтэр'ер касцёла быў падзелены чатырма слупамі на тры нефы. Галоўны неф у цэнтры плана перасякаўся з трансептамі і пераходзіў у доўгі прэсбітэрый. На перакрыжаванні іх скляпенняў знаходзіўся вялікі купал, схаваны пад дахам. Утвораная такім чынам прастора напаўнялася святлом праз высока размешчаныя вокны.

Уражанне ўзмацнялася роспісам купала, фігурамі анёлаў на слупах, скульптурай у алтарах. Прыцягвалі ўвагу жырандоль, упрыгожванні з каштоўных матэрыялаў і амвон з правага боку прэсбітэрыя.

Над уваходам знаходзіўся арган, гукамі якога напаўняўся касцёл у час набажэнстваў. Роспіс храма ў пачатку XX ст. зрабіў вядомы мастак Вацлаў Бубноўскі.

 

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, былы кляштар дамініканцаў. Сенненскі раён, г. Сянно. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.net

ЛІТАРАТУРА

1. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканцаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 462.

2. Касцёл Прасвятой Тройцы і кляштар дамініканцаў // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 200.

3. Касцёл Святой Троіцы // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. – Віцебск, 2000. – С. 69–73.

4. Касцёл Святой Троіцы // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 53–60.