Царква ў імя святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Сенненскі раён, в. Обаль
- Подробности
- Створана 30.09.2019 15:23
- Адноўлена 30.09.2019 10:55
Яркім прадстаўніком драўляных архітэктурных помнікаў на тэрыторыі Сенненшчыны з'яўляецца будынак праваслаўнай царквы ў в. Обаль (каля аг. Машканы). Калісьці, да рэвалюцыі, на тэрыторыі Сенненскага павета было 57 культавых помнікаў архітэктуры, захаваўся толькі адзін у паўразбураным выглядзе.
Гэта праваслаўная царква пабудавана з дрэва ў класічным стылі, так званая «мураёўка». Царква пабудавана ў маёнтку памешчыка Паўла Бурага напрыканцы XIX ст. (1899).
Аб'ём будынка складаецца з наступных частак. Першая – бабінец з трохвугольнымі франтонамі і даволі высокай званіцай. Другі паверх званіцы прарэзаны чатырма шырокімі вокнамі. Тут размяшчалася званіца са званамі. Над чацверыком званіцы ўзвышаўся трэці, глухі паверх званіцы ў выглядзе васьмерыка з купалам-цыбулінай. Над купалам узвышаўся праваслаўны васьміканцовы крыж. Купалы і дахі царквы былі адбіты жэсцю і пафарбаваны ці ў зялены, ці ў блакітны колер. Бабінец злучаўся з дзяцінцам з дапамогай перахода складанай формы. Дзяцінец (галоўны аб'ём) меў чатырохгранную форму і быў самы шырокі па прасторы. Над ім узвышаўся невялікі 12-граны барабан з невялікім купалам-цыбулінай. Над купалам існаваў праваслаўны васьміканцовы крыж.
Апсіда царквы мела выгляд чатырохкутніка. Сцены прарэзаны звычайнымі чатырохкутнымі вокнамі з простымі налічнікамі. Аконныя рамы былі шматячэістай формы: шасцірадныя ў вышыню і чатырохрадныя ў шырыню, так як ў тыя часы выкарыстоўваліся невялікія кавалкі шкла (з-за дарагавізны і дасціпнага ўжывання).
На прыкладзе гэтай царквы можна ўявіць сабе, як у пачатку XX ст. аздабляліся звонку драўляныя храмы Беларусі. Шалёўка «ў ёлачку» і разбіўка на канэлюры. Па ўсім перыметры сцены аздоблены дошкамі з шалёўкай. На месцы стыка двух дошак прабівалася трэцяя, якая выступала, такім чынам утваралася як бы канаўка, якую зверху перакрывала карнізная дошка з паўкруглымі выразамі. Такім чынам, на паверхні сцяны ўтваралася гульня святла і цені, падкрэслівалася жывапіснасць будынка.
Пасля рэвалюцыі ў памяшканні царквы размяшчаўся клуб, потым зернасховішча. Зараз яна знаходзіцца ў паўразбураным стане, без званіцы.
Будынак царквы патрабуе неадкладнага рамонту і рэстаўрацыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Кавалеўскі, С. Узнавіць адметны храм / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2014. – 11 янв. – С. 8.
2. Пасканьева, Ю. Купель героев / Ю. Пасканьева // Наше Православие. – 2015. – № 5 (май). – С. 3.
3. Пасканьева, Ю. Магчыма, тут хрысцілі Машэрава і Гараўца / Ю. Пасканьева // Голас Сенненшчыны. – 2013. – 23 лістап. – С. 4.
4. Рого, В. Утраченные памятники / В. Рого // Голас Сенненшчыны. – 2015. – 9 чэрв. – С. 6.
5. Приход во имя святого равноапостольного великого князя Владимира // Храмы и приходы Витебской Епархии Белорусской Православной Церкви : справочник / сост.: А. Матвеев, Н. Дубенецкий. – Витебск : Витебская епархия, 2002. – С. 144.
6. Храм Святого равноапостольного великого князя Владимира // Витебская епархия. Монастыри, храмы и приходы : справочник / сост. А. Матвеев. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2009. – С. 100.
7. Царква // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 554.
СПАСЫЛКІ