Царква Пакроўская. Сенненскі раён, г. Сянно
- Подробности
- Створана 30.09.2019 15:23
- Адноўлена 30.09.2019 11:07
Пакроўская праваслаўная царква была драўлянай. Яе пабудаваў Ксаверый Войцехавіч Пуслаўскі – адзін з уладароў г. Сянно.
Царква была пабудавана ў народным драўляным стылі з рысамі класіцызму. Гэта быў прыходскі храм, які стаяў у планіровачным цэнтры горада і прызначаўся для вясковага насельніцтва Сенненскага павета, бяднейшых слаёў.
Царква ўяўляла сабой трохзрубны храм, выцягнуты восевай кампазіцыяй з двума купаламі. Ва ўсю даўжыню будынка ішоў неф, які ўпоперак перасякаўся з другім нефам – трансептам. Далей ішла апсіда, зробленая ў форме трох-чатырохгранных выступаў. Уся прастора царквы – прытвор, алтар і апсіда, была пакрыта адным двухсхільным дахам з франтонам над апсідай, трансептам і прытворам.
З левага боку знаходзілася рызніца, невялікае памяшканне пры алтарнай частцы, у якой захоўваліся царкоўныя рэчы. План царквы ўяўляў сабой выцягнуты крыж. У месцы перакрыжавання знаходзіўся васьмігранны барабан з васьмю аконнымі праёмамі, шатровым завяршэннем і невялікай галоўкай у форме цыбуліны. Вокны мелі класічную прамавугольную форму і былі аздоблены налічнікамі з франтонамі.
Над прытворам узнімаўся другі барабан у форме чацверыка са схіленымі вугламі, з чатырма аконнымі праёмамі, шатровым завяршэннем і галоўкай-цыбулінай. Тут знаходзілася званіца, афарбаваная ў блакітны колер, з зялёнымі купаламі. Тэрыторыя царквы была абсаджана ліпамі ў два рады і абнесена драўлянай агароджай.
Звесткі аб унутранай прасторы не захаваліся. Пасля закрыцця царквы ў памяшканні доўгі час знаходзіўся мучны склад.
У 1939–1940 гг. будынак быў разбураны. На месцы знесенай царквы нічога не было. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут пабудавалі спартыўны комплекс СШ № 2. У 1972 годзе на гэтым месцы быў пабудаваны новы будынак, дзе зараз размяшчаецца рэдакцыя раённай газеты «Голас Сенненшчыны».
Перад Пасхай да Пакроўскай царквы з'язджаліся навакольныя сяляне. На ноч яны размяшчаліся прама на калёсах ля царквы, палілі вогнішчы. Назаўтра – Пасха, поп абыходзіў тры разы царкву, а над горадам басам гучаў звон Мікалаеўскага сабора і тэнарам – Пакроўскай царквы. Тут стаялі дамы папа і дзяка. Часткова яны захаваліся да нашага часу і даюць уяўленне аб пабудовах канца XIX – пачатку XX стст.
ЛІТАРАТУРА
1. Пакроўская царква // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. – Віцебск, 2000. – С. 126–132.
2. Пакроўская царква // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 80–83.