Сабор у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца. Сенненскі раён, г. Сянно
- Подробности
- Створана 30.09.2019 15:23
- Адноўлена 30.09.2019 11:16
Мікалаеўскі сабор у Сянно быў пабудаваны ў 1867 годзе па ўзорах тыпавых праектаў рускага дойлідства XVII ст.
Крыжова-купальнае збудаванне мела пяць купалоў. Структура храма складалася з узаемнага перасячэння двух цыліндрычных нефаў, перакрытых крыжовымі скляпеннямі. У сілуэце храма панаваў цыбулепадобны «дуты» купал на светлавым цыліндрычным барабане, узведзеным над сяродкрыжжам.
Кожная званіца выглядала як чатырохграннік, па абодвух баках якога знаходзіліся па адным асобным праёме. Усе аконныя праёмы былі зроблены ў выглядзе выгнутых паўцыркульных арак, над якімі размяшчаліся круглыя аконныя праёмы-люкарны. Сцены званіц і нефаў былі ўпрыгожаны пілястрамі (плоскімі калонамі і карнізамі). Вежы званіц мелі тры ярусы, абмежаваныя карнізамі.
Трэці ярус званіц уяўляў вежачкі-чатырохграннікі са скошанымі вугламі і шырокімі арачнымі праёмамі з чатырох бакоў. У іх знаходзіліся званы. Вежачкі мелі завершаныя купалы ў выглядзе цыбулін. На ўзроўні вежачак ў сярэдзіне перакрыжаванняў нефаў узвышаўся барабан круглай формы, а пад ім – купал-цыбуліна складанай формы.
Пярэдні фасад будынка выходзіў на вуліцу Ветраную (зараз – Кастрычніцкая). З правага боку царквы ў 1889 годзе была збудавана каменная каплічка ў памяць аб шчаслівым выратаванні імператарскай сям'і 17 кастрычніка 1888 года. Царква была агароджана драўляным плотам з цаглянымі слупамі. З левага боку знаходзілася крама для гандлю свечкамі і кнігамі духоўнага зместу.
У царкве стаялі скульптуры Аляксандра Неўскага і Дзмітрыя Данскога, створаныя майстрам Карпам з Ульянавіч.
Мікалаеўская царква знаходзілася ў цэнтры горада, на месцы сучаснай СШ № 2. У 1934 годзе па загадзе Сенненскага райкама КП(б)Б яна была разабрана. У 1935 годзе з гэтых цаглін пачалі будаваць Дом культуры, які стаіць да гэтага часу.
На месцы царквы быў разбіты парк, пастаўлены помнікі У. І. Леніну, І. В. Сталіну, якія стаялі да 1941 года. У 1961 годзе была пабудавана школа.
ЛІТАРАТУРА
1. Сабор // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. – Віцебск, 2000. – С. 110–117.
2. Сабор // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 80–83.
1. Сабор у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 594.
3. Свята-Мікалаеўскі сабор // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 299.