Царква ў імя Святой Троіцы. Сенненскі раён, в. Застадолле
- Подробности
- Створана 30.09.2019 15:23
- Адноўлена 30.09.2019 11:34
На ўскраіне в. Застадолле знаходзіцца царква з цэглы, якая пабудавана ў першай палове XIX ст.
Зараз – гэта царква ў імя Святой Троіцы.
Будынак выцягнуты з усходу на захад. Фасад аздоблены чатырма тасканскімі калонамі. Царква мае трохвугольны каменны франтон, які да нашага часу не захаваўся, быў заменены на драўляны. Каменны франтон меў вялікае круглае акно пад каньком даху, а над каньком існавала фігурная, каменая вежачка з крыжам.
Цэнтральны масіў фасада падзелены на тры аднолькавыя часткі тасканскімі калонамі, якія маюць капітэль і трымаюць на сабе шырокую бэльку з дэнтыкуламі. Цэнтральны – прамавугольныя дзверы, зробленыя ў выглядзе плоскіх калон (пілястраў), выкананых у класічным стылі. Над парталамі з дзвярыма знаходзіцца шырокае паўкруглае акно, аздобленае плоскім налічнікам.
Дзве другія часткі фасада паміж калонамі маюць унізе фігурную, паўкруглую, вогнутую арку. Гэтыя аркі выконвалі ролю памяшкання для статуй, скульптурных фігур святых, якія там ставіліся. Скульптуры святых не захаваліся.
Над аркамі размешчаны два прямавугольныя картушы. З заходняга боку будынка ёсць паўкруглая апсіда, дзе знаходзіліся іконы. Алтар прарэзаны трыма паўкруглымі вокнамі. Па абодвух баках ад апсіды знаходзіліся сакрысты (памяшканні для святароў). Будынак быў атынкаваны ў белы колер, зараз моцна пашкоджаны. З розных бакоў адвалілася тынкоўка, знішчаны сакрысты, і дзе-нідзе заложаны вокны.
Будынак шмат пацярпеў у гады Вялікай Айчанай вайны, доўгі час выкарыстоўваўся як склад піламатэрыялаў.
Будынак патрабуе рэканструкцыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Приход во имя Святой Троицы // Храмы и приходы Витебской Епархии Белорусской Православной Церкви : справочник / сост.: А. Матвеев, Н. Дубенецкий. – Витебск : Витебская епархия, 2002. – С. 145.
2. Храм Святой Живоначальной Троицы // Витебская епархия. Монастыри, храмы и приходы : справочник / сост. А. Матвеев. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2009. – С. 100.
3. Царква // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 502–503.