Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Сенненскі раён, г. п. Багушэўск
- Подробности
- Створана 30.09.2019 15:23
- Адноўлена 30.09.2019 11:54
У 1943 годзе ў г. п. Багушэўску быў адкрыты і асвечаны праваслаўны храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Месцам для храма служыў кінуты драўляны дом.
У 1943–1958 гг. па нядзелях і святочных днях службу рэгулярна ажыццяўляў свяшчэннік, які прыязджаў з Віцебска.
У 1958 годзе па распараджэнні ўлады ноччу ў нядзелю храм быў разабраны. Бярвёны і многія іконы былі спалены ў печы хлебапякарні.
У 1993 годзе пачалося будаванне новага храма з дрэва і цэглы на новым месцы. 12 ліпеня 1995 года ў прастольнае свята была адслужана першая літургія.
Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла вырашана адкрытым брусочным зрубам («у ластаўчын хвост»), накрытым 2-схільным дахам, па цэнтры якога светлавы барабан (васьмярык на чацверыку) з цыбулепадобным бляшаным купалам. З франтальнага боку прыбудаваны нізкі прытвор з сілікатнай цэглы, над 2-схільным дахам якога надбудавана чацверыковая драўляная званіца, якая пераходзіць у нізкі васьмярык з шатровым верхам і макаўкай у завяршэнні. Сцены зруба прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, прытвора-арачнымі. Карнізы дэкарыраваны разнымі падзорамі.
Паміж царквой і аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН наладжана цеснае супрацоўніцтва. У 2018 годзе наведвальнікі аддзялення ўпершыню ўдзельнічалі ў Срэценскіх адукацыйных чытаннях, якія праводзяцца ў рамках праграмы пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой па Віцебскай вобласці. На базе храма створаны клуб «Споведзь душы».
У 2017 годзе пры храме быў адкрыты Цэнтр культуры, галоўнымі задачамі якога з'яўляецца адраджэнне цікавасці падрастаючага пакалення і дарослых да праваслаўнай культуры, яе гісторыі, традыцый і каштоўнасцей.
Адрас: Віцебская вобласць, Сенненскі раён, г. п. Багушэўск, вуліца Гарбунова, д. 24.
ЛІТАРАТУРА
1. Бандарэвіч, В. Духоўны цэнтр Багушэўска / В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2018. – 14 ліп. – С. 5.
2. Сенненское благочиние // Храмы и приходы Витебской Епархии Белорусской Православной Церкви : справочник / сост.: А. Матвеев, Н. Дубенецкий. – Витебск : Витебская епархия, 2002. – С. 142–143.
3. Свята-Петра-Паўлаўская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 16.
4. Храм святых апостолов Петра и Павла // Витебская епархия. Монастыри, храмы и приходы : справочник / сост. А. Матвеев. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2009. – С. 99.
5. Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 31.