Капліца святога Антонія. Глыбоцкі раён, в. Прошкава
- Подробности
- Створана 22.10.2019 15:23
- Адноўлена 22.10.2019 10:38
Капліца святога Антонія знаходзіцца ў паўночнай частцы вёскі, на могілках. Пабудавана ў XIX ст. з дрэва. Адноўлена ў канцы XX ст.
Помнік народнага дойлідства. Прамавугольны ў плане зруб з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Двухсхільны гонтавы дах пераходзіць над апсідай ў вальмавы гранёны. Над трохвугольным франтонам фасада ўзвышаецца 2-ярусная 4-гранная вежа-званіца пад шатровым пакрыццём. Уваход праз нізкі прамавугольны прытвор пад двухсхільным пакрыццём. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах. Унутры зала перакрыта плоскай столлю. Над уваходам на ўсю шырыню храма балкон хораў, падтрыманы 2 слупамі. Цэнтральны і бакавыя алтары выкананы ў тэхніцы стука пад шэры штучны мармур.
ЛІТАРАТУРА
1. Капліца святога Антонія // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 303.
2. Касцёл Іаана // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 237.