Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў. Глыбоцкі раён, аг. Удзела
- Подробности
- Створана 22.10.2019 15:23
- Адноўлена 22.10.2019 11:04
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка. Пабудаваны ў 1766–1791 гг. з цэглы на месцы драўлянага храма 1643 г., фундаванага разам з кляштарам францысканцаў Язэпам Корсакам. Комплекс уключаў касцёл, жылы комплекс, гаспадарчыя пабудовы, цагляную агароджу з брамай-званіцай. Будаўніцтва мураванага жылога корпуса скончана ў 1805 г. (гарэў у 1809). Кляштар скасаваны ў 1851 г., касцёл пераведзены ў прыходскі. У 1948 г. закрыты, вернуты парафіянам і рэстаўрыраваны ў 1989 г. У 2002 г. на тэрыторыі касцёла адкрыты помнік св. Максіміліяну Кольбе. Адлюстраваны на фотаздымку Я. Балзункевіча пачатку XX ст.
Касцёл – помнік архітэктуры з рысамі барока і класіцызму. Узорам для яго стварэння з'явілася базыльянская царква ў Беразвеччы. Прамавугольная ў плане трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. У 1809 г. фасад пазбаўлены вежаў, у 1837 г. фігурны шчыт заменены трохвугольным франтонам. Нефы маюць аднолькавую вышыню і накрыты агульным 2-схільным дахам. Хвалістая плоскасць фасада расчлянёна 2-граннымі пілонамі і калонамі, квадратнымі плакеткамі, арачнымі экседрамі. Бакавыя і алтарны фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках.
Унутраная прастора падзелена на нефы 6 магутнымі 4-граннымі пілонамі і перакрыта цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і распалубках. Над прытворам размешчаны выгнутыя хоры. Барочнае афармленне інтэр'ера ў 1809 г. зменена на класіцыстычнае. Сцены апяразаны шырокім карнізным поясам, крапаваны іанічнымі канелюраванымі пілястрамі. Пад храмам крыпта (пахаванні 42 францысканцаў).
Кляштарны корпус вырашаны 2-павярховым П-падобным у плане будынкам, які быў злучаны з касцёлам калідорам (захавалася адно крыло, іншыя разабраны ў 1882). Перад галоўным фасадам касцёла па восі цэнтральнага ўвахода ў 2-й палавіне XIX ст. пабудавана з цэглы квадратная ў плане 2-ярусная брама-званіца, вырашаная ў формах класіцызму.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 354.
2. Касцёл Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 152.
3. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя / уклад.: А. М. Кулагін, У. А. Герасімовіч. – Мінск : Ураджай, 2000. – С. 161.
4. Касцёл францысканцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 238–239.
5. Костел Непорочного Зачатия Девы Марии // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – С. 24.
6. Марцынкевіч, Р. Тут зноў гучыць малітва Францішка з Асіза / Р. Марцынкевіч // Веснік Глыбоччыны. – 2002. – 24 ліп. – С. 3.
7. Мурзіч, А. Гісторыя касцёла ў вёсцы Удзела / А. Мурзіч // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2006. – 21 кастр. – С. 2, 6.