Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл Святой Троіцы. Глыбоцкі раён, г. Глыбокае

Касцёл Святой Троіцы размешчаны ў гістарычным цэнтры горада на штучнай насыпной пляцоўцы. Пабудаваны ў 1764–1782 гг. з цэглы на месцы прыходскага храма 1628 г., фундаванага ваяводам мсціслаўскім і дзісненскім старостам І. Л. Корсакам. Асвячоны ў 1783 г. біскупам П. Тачылоўскім. У 1902–1908 гг. перабудаваны архітэктарам Ю. Заро.

Помнік архітэктуры позняга барока. Першапачаткова меў выгляд 1-нефавага 2-вежавага храма з выцягнутай паўкруглай апсідай. У выніку перабудовы да яго далучаны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало будынку аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. Галоўны фасад насычаны архітэктурнай пластыкай: вязкамі вытанчаных пілястраў, хвалістымі крапаванымі карнізамі, фігурнымі арачнымі праёмамі, высокім франтонам з валютамі па баках і скульптурай «Укрыжаванне» ў арачным праёме. Фасад быў фланкіраваны 2 невысокімі вежамі, якія пры перабудове былі павялічаны на 2 ярусы і набылі, як і цэнтральны фігурны франтон, выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі. Фігурным франтонам увенчана і алтарная сцяна храма. Сцены раскрапаваны пілястрамі і карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі.

У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, бакавыя – крыжовымі. Сцены крапаваны пілястрамі і карнізным поясам. Над нішамі бакавых нефаў невялікія арнаментальныя ўстаўкі ў вохрыста-аліўкавай гаме. Тры драўляныя разныя алтары выкананы ў стылі барока. Цэнтральны ў 1-м ярусе вырашаны карынфскай каланадай з дынамічна раскрапаваным антаблементам, скульптурнымі паліхромнымі постацямі святых апосталаў Пятра і Паўла і іерархаў касцёла па баках. Другі ярус уяўляе сабой прамавугольны шчыт з абразом пачатку XVIII ст. «Маці Божая Адзігітрыя»; завершаны барэльефнай кампазіцыяй «Глорыя з анёламі». Фератрон «Маці Божая Замілаванне» і «Юзаф з дзіцем» (пачатак XVIII ст.), абраз «Святая Сям'я» (1730-я гг.). Над нартэксам хоры з арганам у стылі неаготыкі.

 

Касцёл Святой Троіцы ў г. Глыбокае. Фотаздымак з сайта https://catholic.by

ЛІТАРАТУРА

1. Глубокский костёл Пресвятой Троицы // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 129.

2. Глубокский Троицкий костел // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 55.

3. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 95.

4. Касцёл Прасвятой Тройцы // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 38–39.

5. Хайноўскі, А. Сенсацыйная знаходка, альбо Зямля вяртае каштоўнасці / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 16 чэрв. – С. 3.