Сабор кафедральны ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы. Глыбоцкі раён, г. Глыбокае
- Подробности
- Створана 22.10.2019 15:23
- Адноўлена 22.10.2019 13:42
Кафедральны сабор у гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, насупраць Троіцкага касцёла. Пабудаваны ў 1639–1654 гг. з цэглы па фундацыі ваяводы мсціслаўскага і старосты дзісенскага Іосіфа Львовіча Корсака (пахаваны ў крыпце) як касцёл Успення Багародзіцы кляштара кармелітаў «босых». У 1735 г. перабудаваны архітэктарам І. К. Глаўбіцам.
Кляштар скасаваны ў 1861 г. Пераасвячоны епіскапам Ковенскім праасвяшчэнным Уладзімірам 3 верасня 1878 года ў праваслаўную Ражджаства-Багародзіцкую царкву, кляштарны корпус перададзены гарадской паліцэйскай управе. Асвячэнню царквы папярэднічала перабудова былога касцёла адразу пасля 1863 г. на асігнаваную ўрадам суму ў 27 тыс. руб. серабром. У склепе пад царквой, у адной з ніш надпіс на лацінскай мове: «Тут спяць у міры косці вяльможнага фундатара, душа яго – на небе». Часткова пашкоджаны ў Вялікую Айчынную вайну. Пры храме дзейнічае дзіцячы хор.
Помнік архітэктуры віленскага барока (першы ўзор на Беларусі). У плане храм меў выгляд працяглага прамавугольніка, які ўключаў 3-нефавую базіліку, вылучаную бакавымі сакрысціямі прамавугольную апсіду, шэраг аб'яднаных калідорам келляў за ёй. У адрозненне ад спрошчанага планіровачнага вырашэння аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя атрымала шмат'ярусны шматпланавы выгляд. Вуглы храма адзначаны 4 вежамі, 2-ярусны перапад нефаў з вылучэннем крылаў трансепта. Асноўны архітэктурна-пластычны акцэнт зроблены на галоўным фасадзе, які фланкіруюць 2 зграбныя шмат'ярусныя вежы, завершаныя цыбулепадобнымі галоўкамі. Іх вертыкальны дынамічны рух узмацняецца вузкімі і высокімі арачнымі праёмамі, шматлікімі крапоўкамі. Паміж вежамі ўзнесены фігурны ступеньчаты франтон. Ніжні ярус фасада вылучаны па цэнтры багата дэкарыраваным уваходным парталам з драўлянымі разнымі дзвярамі і бакавымі нішамі-экседрамі. У сяродкрыжжы будынка пасля 1863 г. быў узведзены драўляны барабан з купалам (згарэў у 1944 разам з верхнімі ярусамі вежаў).
У інтэр'еры нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У 1863 г. пастаўлены іканастас. Мастацкую каштоўнасць уяўляе перавезены з царквы в. Сарокі (Глыбоцкі раён) абраз «Маці Божая з дзіцем» (1738).
У 1735 г. перад храмам пастаўлена барочная 3-арачная 2-ярусная мураваная брама. Да паўночна-заходняга боку апсіды храма дабудаваны 3-павярховы жылы корпус (часткова разабраны ў 1892 г.).
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. В незримой связке со старыми мастерами / Д. Берникович // Народнае слова. – 2006. – 26 верас. – С. 6.
2. Грамыка, С. «Галоўнае, каб тыя, хто прыходзіць у храм, змяніліся да лепшага» / С. Грамыка ; гутарыў У. Сауліч // Сельская газета. – 2018. – 6 янв. – С. 26.
3. Глубокский Свято-Рождество-Богородицкий собор // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков, под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 131.
4. Дзядзінкіна, С. Пад небам і пад зямлёю... / С. Дзядзінкіна // Народнае слова. – 2005. – 20 верас. – С. 5.
5. Зинкевич, А. Его жизненный путь был озарен любовью к богу и к людям / А. Зинкевич // Веснік Глыбоччыны. – 2019. – 17 крас. – С. 6.
6. Кафедральный собор Рождества Пресвятой Богородицы // Духовные святыни Витебщины =Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – С. 20.
7. Карнялюк, К. Перанёс бы яго ў Парыж... / К. Карнялюк // Літаратура і мастацтва. – 2008. – 11 ліп. – С. 2.
8. Мытько, О. Храм, достойный Нотр-Дама / О. Мытько // 7 дней. – 2008. – 3 апр. – С. 26.
9. Саулич, В. Вернули 17 век / В. Саулич // Віцебскі рабочы. – 2007. – 15 снеж. – С. 8.
10. Хайноўскі, А. Незвычайная знаходка / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 10 кастр. – С. 8.
11. Храм Покрова Пресвятой Богородицы // Храмы и монастыри Полоцкой епархии : фотоальбом / текст: О. В. Молодечкина, А. М. Якубовского ; фото О. В. Молодечкина. – Новополоцк, 2006. – С. 32.
12. Царква Раства Багародзіцы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 228