Касцёл святой Марыі Магдалены. Чашніцкі раён, г. Новалукомль
- Подробности
- Створана 02.12.2019 15:23
- Адноўлена 19.12.2019 09:44
Знаходзіцца касцёл святой Марыі Магдалены ў цэнтры горада. Пабудаваны ў 2003–2005 гг. з цэглы з выкарыстаннем будынка кацельнай. Помнік архітэктуры постмадэрнізму.
Трохнефавая 2-вежавая базіліка. Працяглы прамавугольны ў плане аб'ём пад 2-схільным дахам, які на фасадзе закрыты 2-гранным шчытом на прамавугольным атыку з круглай люкарнай па цэнтры. Над карнізам даху выступаюць бочкавыя перакрыцці над арачнымі аконнымі праёмамі бакавых фасадаў. Франтальны фасад завершаны бакавымі 8-граннымі шатровымі вежамі, адкрытымі арачнымі прасветамі. Арачны ўваходны праём у нізкім прамавугольным нартэксе пад 2-схільным пакрыццём.
Парафія ў Новалукомлі бярэ свой пачатак з населенага пункта Лукомль, які існаваў здаўна. У XVII ст. князь Ян Лукомскі ў мястэчку пад назвай Лукомль пабудаваў францішканскі кляштар, пры якім была ўтворана парафія. У той жа час на гэтай тэрыторыі пачала дзейнічаць і праваслаўная царква.
Пасля таго, як у 1793 годзе Польшча страціла незалежнасць, для католікаў пачаўся вельмі цяжкі перыяд. У 1832 годзе кляштар быў зачынены, а ў 1868 годзе з Лукомля выгналі святара і скасавалі парафію.
Праваслаўныя святары заставаліся тут яшчэ на працягу амаль 100 гадоў, але і іх пацяснілі камуністычныя ўлады. Каталіцкі касцёл меў тытул Святога Духа, праваслаўная царква – тытул святой Марыі Магдалены.
У 1996 годзе была адпраўлена першая Святая Імша ў прыватнай кватэры, што і паклала пачатак фарміравання новай парафіі.
У 1997 годзе парафія была названа імем святой Марыі Магдалены, што павінна было сімвалізаваць агульны шлях да веры католікаў і праваслаўных.
Дзякуючы намаганням ксёндза пралата Мечыслава Янцышына, у сакавіку 1998 года яна была зарэгістравана пад тытулам святой Марыі Магдалены, абслугоўваў парафію ксёндз з Лепеля.
Пасля ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі ў 2000 годзе ў парафію быў прызначаны першы пробашч – ксёндз пралат Мечыслаў Янцышын.
У 2001 годзе ў цэнтры горада католікі выкупілі старую кацельню з прылягаючай тэрыторыяй, а ў 2003 годзе яе пачалі перабудоўваць у касцёл і плябанію.
На сённяшні дзень будаўніцтва касцёла скончана, у ім адбываюцца набажэнствы, а таксама таінствы хрышчэння, шлюбы, адпяванні памерлых .
Штогод у прыходзе арганізавана праца па аздараўленні дзяцей у Беларусі і за мяжой. Вернікі ўдзельнічаюць у міжнародных малітоўных сустрэчах, ажыццяўляюцца пешыя і веласіпедныя пілігрымкі па святых месцах.
Сістэматычна «Прыход Святой Марыі Магдалены» ажыццяўляе дапамогу праз міжнародную дабрачынную арганізацыю «Карытас».
ЛІТАРАТУРА
1. Касцёл святой Марыі Магдалены // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 259.