Царква ў імя Ражджаства Прасвятой Багародзіцы. Талачынскі раён, аг. Друцк
- Подробности
- Створана 03.02.2020 15:23
- Адноўлена 03.02.2020 11:02
Драўляная царква была пабудавана ў цэнтры ўмацаванага дзяцінца Друцка і асвечана ў імя Ражджаства Багародзіцы (Прачысценская).
Дата яе заснавання паказана ў надпісе, зробленым у канцы пергаментнага рукапісу славутага Друцкага Евангелля XIV ст.: «В лето 6509-е (1001 год па новым летазлічэнні) створена бысть церкви сия Святая Богородица въ граде во Дрютьсце...».
Археолагі Л. Аляксееў і В. Ляўко пры раскопках старажытнага паселішча знайшлі шматлікія рэчы, звязаныя з Прачысценскай царквой: керамічныя пліткі падлогі памерам 9х9 см, з палівай жоўтага і зялёнага колеру, фрагменты бронзавай жырандолі (хароса) з некалькімі падсвечнікамі, бронзавыя крыжы-складні з выявамі Божай Маці, архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла, святога Барыса і інш. На знаходках засталіся сляды пажараў: царква неаднаразова гарэла і перабудоўвалася.
У XVII ст. пры ёй існаваў праваслаўны манастыр.
У пачатку XVIII ст., да 1926 года, яна належыла ўніятам, а ў 1838 годзе зноў вярнулася да праваслаўных.
У 1938 годзе з Прачысценскай царквы знялі крыжы, а ў 1942 г. – яна была спалена.
На яе месцы ў 2001 годзе быў усталяваны мемарыяльны знак з нагоды святкавання 1000-годдзя Друцка.
У 1998–2001 гг. на суседнім з гарадзішчам узгорку ў стылі традыцыйнага беларускага дойлідства пабудавана новая драўляная царква, асвечаная ў гонар Нараджэння Багародзіцы.
Да прамавугольнага аб'ёму малітоўнай залы далучаны 3-ярусная 4-гранная званіца і 5-гранная апсіда. Над 2-схільным дахам узведзены барабан з галоўкай.
ЛІТАРАТУРА
1. Габрусь, Т. Нябесны бой над Талачыном: гісторыка-архітэктурная спадчына раёна / Т. Габрусь // Роднае слова. – 2013. – № 7. – С. 82–86.
2. Храм Рождества Пресвятой Богородицы // Витебская епархия. Монастыри, храмы и приходы : справочник / сост. А. Матвеев. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2009. – С. 101–102.
3. Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы (Друцк) // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2007. – С. 152.