Царква-помнік. Расонскі раён, аг. Клясціцы
- Подробности
- Створана 13.04.2020 10:23
- Адноўлена 13.04.2020 11:16
У 1857 годзе ў в. Клясціцы недалёка ад царквы святых апосталаў Пятра і Паўла быў устаноўлены помнік у гонар клясціцкіх баёў падчас Айчыннай вайны 1812 года. Дакладна такі ж помнік па праекце Антоніа Адаміні быў узведзены ў Полацку.
Царква-помнік быў вырашаны ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Уяўляла сабой абеліск у выглядзе востраканечнай піраміды, якая была ўвенчана лускаватымі купаламі. Сярэдняя частка помніка была ўпрыгожана 8 пазалочанымі аркамі, якія стаялі на калонах і падтрымлівалі верхнюю канцавую частку. Канструкцыя помніка ляжала на пастаменце цыліндрычнай формы.
На двух процілеглых баках збудавання ў нішах залатымі літарамі былі зроблены надпісы: «Бітва пры Клясціцах 19 ліпеня 1812 года. Паражэнне Удзіно графам Вітгенштэйнам. Узята ў палон непрыяцеля 912 чалавек».
У 30-я гг. помнік быў разабраны, дэталі былі накіраваны на пераплаўку. У 1962 годзе на гэтым месцы быў устаноўлены «Помнік у гонар перамогі рускіх войск» – бетонная стэла, якая праз некалькі дзесяцігоддзяў прыйшла ў непрыгоднасць. У 1992 годзе быў узведзены мемарыял у памяць пра Айчынную вайну 1812 года і Вялікую Айчынную вайну 1941–1945 гг.
У 2013 годзе полацкія краязнаўцы, браты Андрэй і Аляксей Бухавецкія, выявілі падмурак помніка. У сакавіку 2014 года падмурак быў ачышчаны краязнаўцамі разам з вучнямі мясцовай школы. У лістападзе 2015 года Бухавецкія знайшлі ў падмурку дошку з дакладнай датай закладкі манумента – 21 мая 1854 года.
Знойдзеныя артэфакты – дошка, бляшаны крыж і два ядры часоў Айчыннай вайны 1812 года былі перададзены ў школьны музей аг. Клясціцы. У 2016 годзе браты Бухавецкія выпусцілі брашуру «Тайна Клясціцкага манумента». Краязнаўцы звярнуліся з просьбай да Дзяржаўнай думы Расіі аб выдзяленні сродкаў на аднаўленне помніка з бюджэту Саюзнай дзяржавы.
ЛІТАРАТУРА
1. Кулагін, А. М. З архітэктурнай спадчыны Расоншчыны / А. М. Кулагін // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 30–33.
2. Царква-помнік // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 256–257.
3. Царква-помнік / Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 519.
СПАСЫЛКІ