Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Ушацкі раён, в. Рукшаніцы
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 14.05.2020 11:01
Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Рукшаніцы – першы парафіяльны драўляны касцёл, які існаваў з 1774 года. Намаганнямі парафіян і ксяндза Аляксандра Якубоўскага ў 1804 годзе пастаўлены новы драўляны храм. Калісьці тут была езуіцкая місія, потым сяліліся дамініканцы. У 1912 годзе налічвалася 607 парафіян. Храм зруйнаваны ў 1939 годзе.
Архітэктура крыжова-купальнага храма мела народна-этнаграфічны характар і рысы стылю барока. Галоўны фасад фланкіравалі дзве 3-ярусныя чацверыковыя шатровыя вежы, якія завяршаліся макаўкамі і мелі паміж сабой двугранны шчыт. Ярусы вежаў вылучаліся шырокімі гонтавымі адлівамі. Цэнтральны 8-гранны зруб завяршаўся адкрытым у інтэр'еры шатром з цыбульчатай галоўкай на 8-гранным барабане. Ніжэйшыя бакавыя прамавугольныя прырубы пад 2-схільнымі дахамі і 3-гранная апсіда з бакавымі сакрысціямі надавалі кампазіцыі будынка барочную яруснасць і аб'ёмную паліганальнасць. 3 вертыкалізмам кампазіцыі храма кантраставала гарызантальная шалёўка фасадаў, на фоне якой вылучаліся прамавугольныя вокны і брусы-сцяжкі.
Галоўны ўваход вылучаўся 3-вугольным франтонам, над якім фасад быў прарэзаны акном хораў і ўмацоўваўся брусамі-сцяжкамі. Мастацкімі рарытэтамі інтэр'ера з'яўляліся разная драўляная скульптура Хрыста і арган з бубнамі і званочкамі старажытнай работы з разьбой у стылі барока. Галерэя хораў раскрывалася ў залу ступеньчатай аркай і мела парапет, філёнгі якога запаўняла алейная размалёўка з выявамі музычных інструментаў. У апсідзе стаяў 2-калонны драўляны алтар, адмежаваны ад малітоўнай залы жалезнай рашоткай у выглядзе атычнай аркатуры. Зараз не існуе.
ЛІТРАТУРА
1. Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 451–452.
2. Кулагін, А. М. З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Архітэктурная спадчына Ушаччыны / А. М. Кулагін // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 559–566.