Касцёл Cвятой Веранікі і кляштар бернардзінцаў. Ушацкі раён, в. Селішча
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 14.05.2020 14:04
Касцёл Cвятой Веранікі і кляштар бернардзінцаў у в. Селішча пабудаваны на беразе в. Янова ў 1726 годзе на грошы падчашніка і ротмістра полацкага Яна Язэпа Рагозы, полацкага падсудка Езафата Антонія Сялявы і яго жонкі Элеаноры з Коцелаў для ксяндзоў-бернардзінцаў. Кляштар скасаваны ў 1832 годзе.
Храм часткова перабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. У сувязі з закрыццём у 1867 годзе касцёла ў суседняй в. Кублішчына, яго начынне перанесена ў мясцовы касцёл. Дах і верх вежаў касцёла разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Касцёл – помнік мураванай архітэктуры позняга барока. Трохнефавая базіліка з трансептам і паўцыркульнай 2-яруснай апсідай была ўзнята на высокі цокаль. Галоўны (усходні) фасад фланкіраваны дзвюма 3-яруснымі вежамі, паміж якімі шчыт з 3-вугольным франтонам, 2 валютамі па баках і арачным акном па цэнтры.
Плоскасць фасада надзелена вытанчанай архітэктурнай пластыкай: 3 ярусы арачных экседраў, высокія лапаткі, тонкапрафіляваныя карнізы, высокі арачны ўваходны праём. Сцены расчлянёны шырокімі пілястрамі і лучковымі вокнамі, якія на другім ярусе паўцыркульныя. Сцены чляніліся на 2 ярусы арачнымі (наверсе) і лучковымі (унізе) вокнамі. Цыліндрычныя з распалубкамі скляпеністыя перакрыцці нефаў абапіраліся на 4 масіўныя слупы і магутны перыметральны антаблемент. Апсіда вылучана з глыбіні цэнтральнага нефа паміж 2 сакрысціямі. 3 5 алтароў высокімі мастацкімі якасцямі вылучаўся алтар святога Антонія са скульптурнай групай у завяршэнні і паміж 6 карынфскімі калонамі. У галоўным алтары быў змешчаны прывезены з Кублішчынскага касцёла абраз Божай Маці ў сярэбранай рызе, перад якім меліся ўкленчаныя выявы фундатараў храма. Над нартэксам на магутнай арцы размяшчаліся хоры, на якіх стаяў барочны арган. Сакрысція вылучалася багатым святарскім аблачэннем з выкарыстаннем слуцкіх паясоў. Да касцёла з паўночнага боку далучаўся 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак кляштарнага корпуса пад высокім вальмавым дахам.
ЛІТАРАТУРА
1. Кулагін, А. М. З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Архітэктурная спадчына Ушаччыны / А. М. Кулагін // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 559–566.
2. Касцёл Святой Веранікі // Патрыёт (Ушачы). – 2005. – 7 верас. – С. 2.
3. Касцёл Святой Веранікі і кляштар бернардзінцаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2000. – С. 140.