Царква ў імя святой мучаніцы Параскевы Пятніцы. Ушацкі раён, аг. Арэхаўна
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 14.05.2020 14:07
Першы ўспамін пра царкву Параскевы Пятніцы датуецца 1819 годам. Мікалай Грабніцкі (прадстаўнікі роду Грабніцкіх валодалі в. Арэхаўна аж да 1917 года) пабудаваў у вёсцы ўніяцкую царкву. Пасля забароны ўніяцтва яна стала праваслаўнай. На жаль, не захавалася падрабязных звестак з тых часоў. Вядома, што ў мінулыя стагоддзі ў Арэхаўне было пяць свяшчэннаслужыцеляў, праўда, і храмы ў вёсцы было два. Храм Параскевы Пятніцы стаяў ля дарогі, як і літаральна ўсе цэрквы, што насілі імя гэтай святой. Яны так і называліся – Пятніцы.
Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Кананічную 4-часткавую подоўжана-восевую кампазіцыю фарміруюць 3-ярусная 4-гранная шатровая прытвор-званіца, завершаная макаўкай, прамавугольная трапезная, купалападобны аб'ём малітоўнай залы з цыбулепадобнай галоўкай над плоскім 4-схільным дахам, паўкруглая апсіда. Фасады акантаваны графічна абведзенымі лапаткамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў атынкаваных ліштвах.
Першая служба ў адноўленым храме ў в. Арэхаўна адбылася ў 1993 годзе. Гэта адзіная ўцалеўшая царква ва Ушацкім раёне, якая працягвае сваё існаванне. Таксама каменны, але паўразбураны будынак знаходзіцца ў в. Заазер'е, што зараз уваходзіць у склад Мосара.
У 2019 годзе царква святой мучаніцы Параскевы Пятніцы адсвяткавала свой юбілей – 200-годдзе з дня першага ўспаміна пра храм. Прайшло шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты, у якіх прымалі удзел прыход, нядзельная школа, дзяржаўная школа і грамадскія арганізацыі раёна. Кульмінацыяй стала ўрачыстае богаслужэнне 10 лістапада 2019 года.
Цяпер дакладна невядома, чаму менавіта у гонар гэтай святой быў пабудаваны храм, але тое, што Параскева Пятніца вымаліла яго ў Госпада, і ён ва Ушацкім раёне ўцалеў падчас багаборніцкага і ваеннага ліхалецця, застаецца відавочным фактам.
ЛІТАРАТУРА
1. Арэхаўна, вёска // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 581–582.
2. Камаркова, В. Царкве патрэбна дапамога / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 8 ліп. – С. 2.
3. Караленка, В. І рэха званоў над Арэхаўнам / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 13 лістап. – С. 5.
4. Пашкова, Г. Да юбілею храма / Г. Пашкова // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 25 мая. – С. 5.
5. Полазава, В. З нагоды 190-годдзя / В. Полазава // Патрыёт (Ушачы). – 2009. – 18 лістап. – С. 3.
6. Царква ў імя святой мучаніцы Параскевы Пятніцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 19–20.