Царква ў гонар святой Троіцы. Гарадоцкі раён, г. Гарадок
- Подробности
- Створана 06.07.2020 15:23
- Адноўлена 06.07.2020 13:45
Знаходзіцца ў цэнтры горада. Пабудавана ў 1999 годзе з цэглы паводле праекта архітэктара Ю. Г. Сакалоўскага на аснове будынка царкоўнапрыходскай школы 1903 года.
Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам з паўкруглай апсідай. Накрыта пакатым 4-схільным дахам, над якім узвышаецца 8-гранны барабан зграбных прапорцый са сферычным купалам, узведзеным на нізкі чацверыковы пастамент. Да асноўнага аб'ёму далучана званіца. Бакавыя фасады асіметрычна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі. У архітэктуры выкарыстаны класіцыстычныя рудыменты папярэдняга будынка – перамычкі з замковым каменем аконных праёмаў, вуглавая рустоўка, сферычны купал.
Прастора інтэр'ера, перакрытая плоскай столлю, пашыраецца за кошт адкрыцця ў яе светлавых кубападобнага і 8-граннага барабанаў па цэнтры даху, якія падтрыманы шырокімі аркамі. Апсіда вылучана мураванай перагародкай, на якой створаны драўляны іканастас. Над уваходам хоры на 4 слупах і перакінутай цераз іх аркадзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Царква ў гонар Святой Троіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 117.