Царква ў гонар Узнясення Гасподняга. Гарадоцкі раён, в. Кабішча
- Подробности
- Створана 07.07.2020 15:23
- Адноўлена 07.07.2020 15:56
Царква знаходзіцца на ўскраіне вёскі.
У 1868 годзе ў царкве прыхаджан было: 572 мужчыны і 583 жанчыны. Замест драўлянай царквы ў 1876 годзе была пабудавана царква з цэглы і бутавага каменю. Гэта быў твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана цэнтрычнай крыжовай у плане аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй, у аснове якой кубападобная малітоўная зала, пакаты шатровы дах якой завершаны цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане. Ніжэйшыя прамавугольныя ў плане прытвор, бакавыя прыдзелы і апсіда накрыты 2-схільнымі дахамі. Сцены чляніліся дзесяццю вялікімі аконнымі праёмамі, дзвюма малымі – на званіцы. Мела тры ўваходы.
Ацяплялася кафлянай грубкай у апсідзе. Побач з царквой была пабудавана драўляная капліца на чатырох цагельных слупах, абшытых цісам. Дакладна вядома, што ў 1910 годзе царква ў вёсцы дзейнічала.
У гады Вялікай Айчыннай вайны храм быў амаль разбураны, у пасляваенны час выкарыстоўваўся як склад для ўгнаенняў. Толькі ў пачатку 90-х гадоў па ініцыятыве тутэйшага тагачаснага святара іерэя Пятра Пашкевіча пачалося яго адраджэнне.
ЛІТАРАТУРА
1. Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 185.
2. Якаўлева, С. Храм будуюць перакананні / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2014. – 22 лістап. – С. 5.