Царква ў гонар Узнясення Гасподняга. Гарадоцкі раён, в. Хвошна
- Подробности
- Створана 07.07.2020 15:23
- Адноўлена 07.07.2020 16:09
Царква знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на ўзгорку. Пабудавана ў 1-й палове XIX ст. з цэглы. Помнік архітэктуры класіцызму. Вырашана крыжовым у плане аб'ёмам, завершаным у сяродкрыжжы 2-схільных дахаў магутным 8-гранным светлавым барабанам з арачнымі аконнымі праёмамі і цыбулепадобным купалам у завяршэнні. Прамавугольная ў плане апсіда фланкіравана нізкімі бакавымі рызніцамі. Прамавугольны ўваходны партал і паўкруглая люкарна над ім акаймаваны арачнай нішай. Фасады завершаны трохвугольнымі франтонамі, крапаваны адзінарнымі і падвойнымі пілястрамі, парэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі і лучковымі аконнымі праёмамі.
Паводле статыстычных звестак пра цэрквы Полацкай епархіі, апублікаваных у 1884 годзе, на той час прыхаджанамі царквы, пабудаванай у в. Хвошна ў 1807 годзе ў гонар Узнясення Гасподняга, з'яўляліся 2009 мужчын і 1951 жанчына. За царквой было замацавана 14 дзесяцін зручнай і 20 дзесяцін нязручнай зямлі, казённыя, драўляныя, зусім старыя пабудовы. Настаяцель храма – Аркадзь Бялінскі, псаломшчыкі – Мітрафан Шавельскі і Павел Славецкі.
Але самае знакамітае імя, звязанае з хвашнянскім храмам, – імя свяшчэннамучаніка Афанасія Прыхабскага (Кіслова). На працягу шасці гадоў (1918–1924) ён служыў у в. Хвошна дыяканам. Яго жыццё было няпростым, а смерць – пакутніцкай. 6 кастрычніка 2003 года ён быў кананізаваны Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы.
Царква ў гонар Узнясення Гасподняга ў час Вялікай Айчыннай вайны была разбурана выбухам. Цэглу і іншыя прыдатныя матэрыялы мясцовыя жыхары разнеслі і выкарысталі для таго, каб аднавіць свае хаты. Храм жа быў зруйнаваны.
Царква была адбудавана ў 1999 годзе на сродкі грамадзян ЗША Мікалая Яўхімавіча Крукава і Віктара Афанасьевіча Протасава, ураджэнцаў Гарадоччыны, якія па розных прычынах пасля вайны апынуліся за мяжой. Пра гэта сведчыць памятная дошка, што захоўваецца ў храме. Сёння храм зноў прыходзіць у заняпад.
ЛІТАРАТУРА
1. Мукомол, Л. Храму быть / Л. Мукомол // Гарадоцкі веснік. – 2000. – 17 чэрв. – С. 1.
2. Царква ў гонар Узнясення Гасподняга // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 408.
3. Якаўлева, С. А храм плыве... / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2016. – 20 жн.– С. 5 ; 17 снеж. – С. 5.
4. Яковлева, С. По ком молчит колокол? / С. Яковлева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 2 нояб. – С. 12.
СПАСЫЛКІ