Касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Мёрскі раён, в. Новы Пагост
- Подробности
- Створана 03.09.2020 15:23
- Адноўлена 03.09.2020 16:05
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы размешчаны ў заходняй частцы вёскі. З'яўляецца помнікам народнага дойлідства.
Першы касцёл у в. Новы Пагост быў узведзены па фундацыі канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі і караля Жыгімонта III у 1593 годзе. Але быў спалены маскоўскімі войскамі падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй. У 1656 годзе касцёл быў адбудаваны пасля пажару.
У 1766 годзе вернікі пабудавалі новы драўляны касцёл. Ён быў невялікі, на мураваным падмурку, асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Тройцы. У галоўным алтары знаходзіліся тры сярэбраныя кароны. У адным з бакавых алтароў размешчаны абраз Маці Божай Балеснай, а ў другім – святога Антонія. Навокал касцёла былі могілкі.
У 1845 годзе касцёл згадваўся як струхнелы. Ён патрабаваў значнага рамонту. У 1859 годзе ён быў адрэстаўрыраваны і пашыраны. У 1949 годзе касцёл зачынілі. Спачатку ў ім быў склад збожжа, потым – спартыўная зала. У 1990 годзе святыню аддалі вернікам і ўрачыста асвяцілі.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы вырашаны прамавугольным зрубам пад 2-схільным дахам, які выходзіць на фасад трохвугольным франтонам, завершаным 3-яруснай 4-граннай сігнатуркай, над алтарнай часткай – 1-яруснай. Да 5-граннай апсіды далучаны бакавыя квадратныя ў плане высокая і нізкая сакрысціі. Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі.
Касцёл акаймаваны бутавай агароджай. Перад храмам пастаўлена 4-гранная 2-ярусная драўляная вежа-званіца. Верхні каркасны адкрыты ярус-звон накрыты пакатым шатровым дахам, ніжні глухі гарызантальна ашаляваны.
ЛІТАРАТУРА
1. Вішнеўская, В. Пад апекай святога Францішка / В. Вішнеўская // Міёрскія навіны. – 2016. – 13 верас. – С. 6.
2. Ермалёнак, В. Касцёл у Новым Пагосце / В. Ермалёнак // Мiёрскiя навiны. – 2003. – 23 снеж. – С. 3.
3. Ермалёнак, В. Касцёл у Новым Пагосце ў 1783 годзе / В. Ермалёнак // Міёрскія навіны. – 2016. – 16 крас. – С. 6.
4. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 263.
5. Первый Новопогостский костёл // Очарование Миорского края = Сharm of Myory region / cост.: В. А. Ермалёнок, П. И. Боголей ; фото О. В. Молодечкин. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 18.