Царква ў гонар Смаленскай іконы Маці Божай «Адзігітрыя». Мёрскі раён, г. Дзісна
- Подробности
- Створана 07.09.2020 15:23
- Адноўлена 07.09.2020 09:10
Царква ў гонар Смаленскай іконы Маці Божай «Адзігітрыя» – помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Будынак – прамавугольны ў плане аб'ём з пяціграннай апсідай і вальмавым гонтавым дахам, завершаны цыбулепадобнай галоўкай на васьмігранным барабане. Фасады плоскія, прарэзаны аконнымі праёмамі. Галоўны ўваход вылучаны рызалітам і навіссю. Побач з царквой двух'ярусная (чацвярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай.
Храм у гонар іконы Божай Маці «Адзігітрыя» на дзісненскіх праваслаўных могілках быў закладзены 23 ліпеня 1904 года і прызначаўся для адпявання памерлых. Пабудавалі яго ў 1908 годзе. І толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1944 годзе, калі забаранілі аднаўленне разбуранай Уваскрасенскай царквы, яго асвяцілі ў гонар іконы Маці Божай «Адзігітрыя». Калі Уваскрасенскую царкву зачынілі, уся царкоўная маёмасць вернікамі была перанесена ў Свята-Адзігітрыеўскую. Улады дазволілі выкарыстоўваць яе як парафіяльную. У 1978 годзе да яе была зроблена прыбудова з сілікатнай цэглы. Да 1991 года гэта царква была адзіным дзеючым храмам у Дзісне.
У 1991 годзе, пасля рэканструкцыі царквы Уваскрасення Хрыстовага, абраз Божай Маці «Адзігітрыя» быў перанесены ў будынак Уваскрасенскага храма, у якім ён знаходзіўся і раней.
Сёння царква ў гонар Смаленскай іконы Маці Божай «Адзігітрыя» – гэта парафіяльная царква, прыпісаная да Уваскрасенскага храма.
ЛІТАРАТУРА
1. Богович, П. Православие в Дисне / П. Богович // Міёрскія навіны. – 2016. – 7 чэрв. – С. 6.
2. Кулагін А. М. Царква Адзігітрыі / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал. С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 307.
3. Царква ў гонар Смаленскай іконы Маці Божай «Адзігітрыі» // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 145.
4. Шымуковіч, Ф. Святыя месцы г. Дзісны / Ф. Шымуковіч // Вольнае Глыбокае. – 2011. – 14 ліп. – С. 5 ; 21 ліп. – С. 5.