Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца. Мёрскі раён, в. Калінавая
- Подробности
- Створана 07.09.2020 15:23
- Адноўлена 07.09.2020 13:48
Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца (Свята-Мікалаеўская царква) была пабудавана ў 1900–1912 гг. з цэглы ў цэнтры в. Калінавая (Блошнікі) на месцы папярэдняга храма, які згадваецца ў 1895 годзе.
Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя храма ўключае двух'ярусную шатровую званіцу, нізкі бабінец, квадратны ў плане асноўны аб'ём, 5-гранную апсіду з невялікай рызніцай. Вертыкальнымі дамінантамі збудавання з'яўляюцца званіца з макаўкай і цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане над пакатым чатырохсхільным дахам асноўнага аб'ёму. Фасады дэкарыраваны зубчастымі фрызамі, лапаткамі, кілепадобнымі ліштвамі арачных аконных праёмаў. У інтэр'еры апсіда вылучана 3-ярусным драўляным іканастасам эклектычнай трактоўкі. Абраз XVIII ст. «Святая з жэзлам».
Царква – помнік культавага дойлідства сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю.
ЛІТАРАТУРА
1. Кулагін, А. М. Мікалаеўская царква / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 308–309.
2. Памятники архитектуры // Очарование Миорского края = Сharm of Myory region / cост.: В. А. Ермалёнок, П. И. Боголей ; фото О. В. Молодечкин. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 5.
3. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – С. 188.