Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл Езуса Міласэрнага. г. Віцебск

Кафедральны касцёл Езуса Міласэрнага знаходзіцца ў Віцебску на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў. Гэта велічны будынак у форме крыжа вышынёй 32 м, прыклад сакральнай архітэктуры Віцебска. У памяшканні касцёла адначасова могуць маліцца да паўтары тысячы вернікаў. Збудаванне са светлай цэглы выглядае сучасна, унутраны інтэр'ер даволі аскетычны.

Гісторыя будаўніцтва касцёла пачалася вясной 2000 года, калі было прынята рашэнне ўтварыць у горадзе чатыры парафіі з адзінай на той час віцебскай парафіі святой Барбары. Адной з такіх новых парафій стала парафія Езуса Міласэрнага. 25 верасня 2000 года адбылася яе рэгістрацыя. І ўжо 22 кастрычніка ў касцёле святой Барбары (кафедральным на той момант) была адпраўлена першая святая імша для вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага. 16 лістапада 2000 года парафія атрымала дазвол на будаўніцтва часовай капліцы. 25 снежня часовую зборную капліцу з дрэва, пабудаваную за вельмі кароткі тэрмін, асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін. А 30 чэрвеня 2001 года ў парафіі ўжо адбылася першая біскупская візітацыя.

У сярэдзіне кастрычніка 2004 года гарадскія ўлады далі канчатковы дазвол на будаўніцтва касцёла Езуса Міласэрнага. У перыяд з 2004 па 2008 гг. пачаліся будаўнічыя работы: былі ўзведзены канструкцыі будынка, накрыты дах, абсталявана часовая капліца. 7 кастрычніка 2007 года адбылося яе асвячэнне.

У межах святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі 10 кастрычніка 2009 года адбылося і асвячэнне касцёла. У цырымоніі прынялі ўдзел шматлікія іерархі касцёла і святары з Італіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі, ЗША, Аўстрыі, Францыі, Літвы, Украіны, Англіі. Раён для пабудовы кафедральнага касцёла Віцебска быў абраны невыпадкова. У мікрараёне Поўдзень-7 жыве вялікая колькасць гараджан каталіцкай веры. Па просьбе віцебскага ардынарыя і па рашэнні Папы Бенядзікта XVI 18 чэрвеня 2011 года новы касцёл Езуса Міласэрнага атрымаў тытул кафедральнага.

Важнай датай для касцёла з'яўляецца дзень 18 студзеня 2014 года, калі адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза Алега Буткевіча, якога Папа Рымскі Францыск прызначыў новым біскупам віцебскім 23 лістапада 2013 года.

Пры касцёле Езуса Міласэрднага з 2011 года існуе маладзёжны культурна-рэлігійны цэнтр, а таксама дзейнічаюць клуб «Сеньёра», суполка «Легіён Марыі», дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас». Арганізацыя «Карытас» існуе ва ўсім каталіцкім свеце, але ў кожнай дыяцэзіі яна мае ўласныя адметныя рысы і кірункі дзейнасці, адпаведныя актуальным патрэбам пэўнай супольнасці. Віцебскае таварыства аказвае падтрымку людзям з абмежаванымі магчымасцямі, праводзіць выставы мастацкіх работ таленавітай моладзі. 15 сакавіка 2020 года – юбілейная дата для дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» – дваццаць гадоў са дня заснавання. Адным са шматлікіх рэлігійных праектаў, якія штогод рэалізоўваюцца ў дыяцэзіі і праходзяць у касцёле Езуса Міласэрнага, з'яўляюцца набажэнствы з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. Яны праходзіць з 2016 года падчас Тыдня малітваў за адзінства хрысціян.

На тэрыторыі касцёла знаходзіцца помнік Іаану Паўлу II, прымеркаваны да 30-годдзя абрання яго Папай Рымскім. Скульптура (вышыня каля 4,5 м) уяўляе сабой пантыфіка, які благаслаўляе вернікаў. Імя на польскай і беларускай мовах і герб Папы Іаана Паўла II выбіты на чырвонай гранітнай дошцы. Помнік быў падораны вернікамі Польшчы.

25 верасня 2020 года кафедральная парафія Езуса Міласэрнага ўрачыста адзначыла сваё 20-годдзе.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аніскевіч, А. «Карытас» значыць «міласэрнасць» / А. Аніскевіч ; гутарыў А. Бынькоў // Витебские вести. – 2017. – 21 янв. – С. 10.

2. Булаўка, В. Уладзіслаў Блін: «Езус пасяліўся між нас...» / В. Булаўка // Віцебскі рабочы. – 2012. – 20 снеж. – С. 24.

3. Бынькоў, А. Католікі Віцебшчыны віталі новую катэдру / А. Бынькоў // Народнае слова. – 2011. – 21 чэрв. – С. 5.

4. Гаравы, М. У Віцебску пабудаваны першы за 124 гады новы касцёл [Езуса Міласэрнага] / М. Гаравы // Вольнае Глыбокае. – 2009. – 8 кастр. – С. 4.

5. Дашкевіч, В. Клаўдыа Гуджэроці: «Дзяліць Хрыста – вялікі грэх!» / В. Дашкевіч // Витебский проспект. – 2012. – 12 апр. – С. 4.

6. Лаўрыненка, К. Упершыню ў Віцебскай катэдры прайшло экуменічнае набажэнства / К. Лаўрыненка // Каталіцкі веснік. – 2016. – № 2 (люты). – С. 4.

7. Парафія Езуса Міласэрнага (катэдральны) // Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі: 20-годдзе ўтварэння дыяцэзіі (1999–2019) / [уклад. К. Лаўрыненкі ; фота: К. Лаўрыненкі, Л. Юрыка, З. Лупача]. – Мінск : Медысонт, 2019. – С. 22–24.

8. У чаканні Бэтлеемскай зоркі / падрыхт. А. Бынькоў // Витебские вести. – 2016. – 24 дек. – С. 10.

 

Касцёл Езуса Міласэрнага. г. Віцебск. Фота з сайта https://catholic.byКасцёл Езуса Міласэрнага. г. Віцебск. Фота з сайта https://img.tourister.ruПапа Рымскі Іаан Павел II. Помнік перад будынкам касцёла Езуса Міласэрнага. г. Віцебск. Фота з сайта https://upload.wikimedia.org

СПАСЫЛКІ

arrow Кафедральная парафія Езуса Міласэрнага