Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл святога Антонія Падуанскага. г. Віцебск

Касцёл святога Антонія Падуанскага – выдатны архітэктурны твор позняга барока. Уяўляў сабой 3-нефавую 2-вежавую базіліку пад 2-схільным дахам, які на галоўным фасадзе быў аформлены фігурным шчытом, а над паўкруглай апсідай з бакавымі сакрысціямі – аналагічным пластычным шчытом і 2-яруснай фігурнай сігнатуркай. Трох'ярусныя 4-гранныя вежы вытанчаных прапорцый з вуглавымі паяруснымі валютамі і фігурнымі купаламі выступалі перад фасадам і фарміравалі яго маляўнічы сілуэт. Плоскасць галоўнага фасада мела хвалісты пластычны характар, інтэнсіўную пілястравую і карнізную крапоўку. Бакавыя фасады былі вырашаны плоскасна, мелі рытм арачных аконных праёмаў.

Паўкруглую апсіду ў інтэр'еры запаўняў магутны 2-ярусны барочны алтар, падсвечаны 2 высокімі бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі. Першы ярус алтара быў вырашаны карынфскай каланадай, што несла крапаваны прафіляваны антаблемент, другі ўяўляў сабой прамавугольны шчыт з ляпным пано «Глорыя» і бакавымі валютамі з фігуркамі анёлаў. Ідэнтычна, але ў меншым маштабе, былі вырашаны кулісныя алтары. Падлога была выкладзена тэракотавай пліткай. Сярод касцёльнага начыння вылучаўся абраз-палатно «Святы Іасафат» у фігурнай разной раме ў стылі ракако.

Размешчаны ніжэй па рэльефе мясцовасці 3-павярховы П-падобны ў плане кляштарны корпус далучаўся з паўднёвага боку да касцёла і ўтвараў з ім замкнёны ўнутраны двор, у які раскрываліся калідоры-галерэі, што аб'ядноўвалі манаскія келлі. Уваход на кляштарны двор быў арганізаваны праз барочную браму паміж жылым корпусам і гаспадарчымі пабудовамі.

Гісторыя касцёла пачынаецца з XVII ст., калі пачалося будаўніцтва на Ратушнай плошчы драўлянага храма і кляштара (1676). Забудовы неаднаразова знішчаліся агнём: падчас Паўночнай вайны (1708–1731), пажару 31 мая 1733 года. У перыяд з 1736 па 1740 гг. на сродкі Казіміра і Тэклі Саковічаў былі пабудаваны мураваныя касцёл і кляштар. У 1768 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар святога Антонія Падуанскага. Кляштар бернардзінцаў у 1832 годзе быў ліквідаваны.

Першапачаткова касцёл святога Антонія быў філіяльны і адносіўся да віцебскай парафіі святога Міхала Арханёла. У 1843 годзе пры касцёле святога Антонія была ўтворана самастойная парафія. У 1861 годзе парафія налічвала 4034 вернікі, у 1901 г. – 4443, у 1912 г. – 5000, у 1917 г. – 5100.

Трагічна склаўся лёс святароў, якія служылі ў касцёле, пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года. Многія з іх былі арыштаваны і асуджаны, высланы ці прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Сярод іх ксяндзы: Леанард Бараноўскі (высланы ў Сібір, загінуў), Ян Францук (этапаваны ў Смаленскі палітычны ізалятар), Стэфан Трускоўскі (пазбаўлены волі і вывезены ў Бутырскую турму), Юзаф Вярыга (высланы ў Казахстан, загінуў), Ігнат Шукель (этапаваны ў Салавецкі лагер, загінуў), Язэп Барадзюля (высланы ў Архангельск). Былі расстраляны: Уладзіслаў Жаўняровіч, Юзаф Ворслаў, Пётр-Бярнард Капуста, Пётр Аўгла, Адольф Філіп.

У 1938 годзе па рашэнні Віцебскага гарадскога савета касцёл быў зачынены. У будынку спачатку была размешчана фізкультурная зала Віцебскага медыцынскага інстытута, потым – антырэлігійны філіял гістарычнага музея.

У гады Вялікай Айчыннай вайны касцёл дзейнічаў. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яго зноў зачынілі.

Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1947 і 1949 гг. касцёл святога Антонія знаходзіўся ў спісе помнікаў архітэктуры Беларускай ССР, узятых пад дзяржаўную ахову, будынак быў перададзены віцебскаму «Гархарчгандлю». Паступовае знішчэнне касцёла ў выніку неадпаведнай эксплуатацыі прывяло да таго, што ўжо 29 лістапада 1950 года Упраўленне па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў Беларускай ССР рэкамендавала выключыць касцёл святога Антонія са спіса помнікаў. 2 красавіка 1952 года адпаведнае рашэнне было прынята. Раніцай 15 красавіка 1958 года касцёл святога Антонія быў узарваны. У 1987 годзе на яго месцы быў устаноўлены фантан «Зліццё трох рэк».

Парафія святога Антонія Падуанскага ў Віцебску адрадзілася 1 красавіка 2001 года. Рэгістрацыя яе адбылася 21 чэрвеня таго ж года. Першапачаткова імша для парафіян праходзіла ў касцёле святой Барбары. 16 жніўня 2002 года парафія атрымала свой будынак – былы Дом культуры, што належаў Віцебскаму вучэбна-вытворчаму прадпрыемству «Галант» па вуліцы Гагарына, 46а. Будынак патрабаваў рамонту. Першым пробашчам парафіі быў прызначаны ксёндз Анджэй Бочар. 21 верасня 2003 года душпастырскую паслугу ў парафіі распачаў ксёндз Алег Буткевіч. Пры ім пачалася грунтоўная перабудова будынка.

Але пытанне пра аднаўленне касцёла на яго гістарычным месцы застаецца адкрытым. У 2015 годзе Міністэрства культуры прыняло рашэнне, што не будзе супраць рэканструкцыі будынка са зрушэннем па восі фундамента, паколькі аднавіць касцёл на ранейшым месцы азначае выйсці на праезную частку вуліцы.

У 2017 годзе была створана «Эскізная прапанова па аднаўленні касцёла святога Антонія» (архітэктар Ігар Радзько). Парафія атрымала афіцыйны дазвол на выкананне навукова-даследчых і праектных работ. Паколькі дагэтуль у гістарычных архівах не знойдзены праект касцёла, яго аднаўленне будзе абапірацца на апісанні, якія захаваліся да гэтага часу. Дзякуючы адбудове касцёла святога Антонія, будзе адноўлены адзіны архітэктурны ансамбль былой Ратушнай плошчы.

 

Касцёл святога Антонія Падуанскага (пачатак ХХ ст.). г. Віцебск. Фота з сайта http://www.evitebsk.comКасцёл святога Антонія Падуанскага (сучасны будынак). г. Віцебск. Фота з сайта https://yandex.by/maps/org

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Костел Святого Антония / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2004. – 25 мая. – С. 3.

2. Ансамбль Ратушнай плошчы // Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – С. 110–121.

3. Барок, В. У чым галоўная праблема Касцёла ў Беларусі? / В. Барок ; гутарыў З. Лупач // Каталіцкі веснік. – 2018. – № 12 (снеж.). – С. 9.

4. Бынькоў, А. Вернем страчаную спадчыну? / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 19 мая. – С. 3.

5. Голесник, С. Страсти по Антонию / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2016. – 19 нояб. – С. 8.

6. Касцёл святога Антонія і кляштар бернардзінцаў // Каталіцкія храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 400–401.

7. Лупач, З. Біскуп Алег Буткевіч асвяціў касцёл Святога Антонія ў Віцебску / З. Лупач // Каталіцкі веснік. – 2017. – № 6 (чэрв.). – С. 3.

8. Лупач, З. Біскуп Алег Буткевіч назваў «замкнёным колам» сітуацыю вакол адбудовы касцёла Св. Антонія ў Віцебску / З. Лупач // Каталіцкі веснік. – 2017. – № 12 (снеж.). – С. 2.

9. Новы касцёл у Віцебску / падрыхт. А. Бынькоў // Витебские вести. – 2017. – 17 июня. – С. 12.

10. Парафія Святога Антонія Падуанскага // Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі: 20-годдзе ўтварэння дыяцэзіі (1999–2019) / [уклад. К. Лаўрыненкі ; фота: К. Лаўрыненкі, Л. Юрыка, З. Лупача]. – Мінск : Медысонт, 2019. – С. 25–31.

11. Пукшанскі, А. Касцёл будзе адноўлены / А. Пукшанскі // Звязда. – 2017. – 27 снеж. – С. 15.

12. Пукшанскі, А. Молімся пра вяртанне храма / А. Пукшанскі // Звязда. – 2015. – 15 снеж. – С. 9.

13. Скрабатун, У. Ксёндз Вячаслаў Барок: Рашэнне аб аднаўленні касцёла святога Антонія ў Віцебску ўжо ёсць / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2015. – 12 лістап. – С. 11.

14. Чарняўская, Т. І. Бернардзінскія кляштар і касцёл / Т. І. Чарняўская, Ю. А. Якімовіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 613–614.