Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл святой Барбары і святога Юзафа. г. Віцебск

Касцёл святой Барбары і святога Юзафа – помнік архітэктуры барока і неараманскага стылю, знаходзіцца на вуліцы Ленінградскай 27. Храм – традыцыйная 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай і бакавымі прамавугольнымі сакрысціямі. Галоўны фасад вылучаюць верхнія 8-гранныя ярусы вежаў пад высокімі шпілямі і 2-гранны ступеньчаты шчыт паміж імі. У цэнтры фасад вылучаны 2-пілонным парталам-рызалітам арачнага ўвахода, над якім трайная аркатура цэнтральнага аконнага праёма і бакавых нішаў, па баках – высокія арачныя эдыкулы. Такая аскетычная трактоўка франтальнага фасада з панаваннем глухой цагельнай плоскасці надае храму характар унутранай замкнёнасці, сярэдневяковай архаічнасці. Магутны карніз акаймоўвае плоскасныя чырвона-ружовыя сцены будынка, бакавыя прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў 2 ярусы. Больш насычаны архітэктурным дэкорам вежы, 4-гранныя і 8-гранныя ярусы, якія аблегчаны скразнымі арачнымі прасветамі і вокнамі-трыфорыумамі, завершаны па гранях спічастымі франтончыкамі, бакавыя фасады дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі, прамавугольнымі панэлямі.

Амаль квадратная зала храма раскрываецца ў паўкруглую апсіду, перакрыта стральчатымі скляпеннямі з распалубкамі і парнымі падпружнымі аркамі, падтрыманымі 4 магутнымі слупамі і насценнымі лапаткамі. Цэнтральны неф апяразвае магутны, густа прафіляваны антаблемент. У тоўшчы сцен нартэкса бакавыя вінтавыя лесвіцы, якія вядуць на хоры і да званоў вежаў. Апсіда фланкіравана 2 калонамі, паміж якімі быў размешчаны драўляны разны 2-ярусны алтар рамана-гатычнай стылёвай трактоўкі. У гатычным стылі вырашаны астатнія 4 алтары і 6-ы ў капліцы. Навешаны на левую сцяну прэсбітэрыя амбон мае неабарочную трактоўку. Паводле інвентара 1922 года ўздоўж бакавых сцен былі развешаны 14 стацый «Крыжовага шляху Хрыста», на хорах меўся арган. Касцёл агароджаны цаглянай сцяной з 3-пралётнай арачнай брамай.

Касцёл святой Барбары і святога Юзафа пабудаваны на месцы касцёла 1785 года, які стаяў на каталіцкіх могілках. Сваю назву былы касцёл атрымаў невыпадкова – святая Барбара лічыцца «апякункай добрай смерці». Могілкі знаходзіліся каля дарогі, якая вяла на Гарадок, але былі за межамі горада, і таму касцёл меў назву «падвіцебскі», а яго невялікія памеры адпавядалі колькасці насельніцтва ў бліжэйшых вёсках. Ужо ў тыя часы касцёл быў парафіяльным. Пры касцёле былі 3 дзесяціны зямлі і шпіталь. У 1800 годзе пры драўляным касцёле была пабудавана мураваная капліца.

Але ў канцы XIX ст. у Віцебску засталіся толькі два касцёлы: святога Антонія і святой Барбары. Гэта здарылася ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), калі Віцебск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, і многія каталіцкія храмы былі зачынены. У парафіі касцёла святой Барбары (ён ўжо знаходзіўся ў межах горада) значна павялічылася колькасць вернікаў. Так, у 80-я гг. ХІХ ст. іх налічвалася звыш 1500, а касцёл мог умясціць толькі 150 чалавек. Таму ў 1884–1885 гг. на месцы ранейшага касцёла пабудавалі новы, цагельны, плошчай каля 100 м2 (інжынер-архітэктар В. І. Пятроўскі). 4 снежня 1884 года новы касцёл, які па сваёй унутранай архітэктуры нагадваў ранейшы, але звонку меў рысы модных у тыя часы неараманскага і неагатычнага стыляў, быў асвечаны ў гонар святой Барбары і святога Юзафа біскупам Францыскам Альбінам Сымонам. У касцёле знаходзілася пяць алтароў, галоўны меў тытул святой Барбары.

Пры Савецкай уладзе ў 1920–1930-я гг. многія святары, якія служылі ў касцёле, былі арыштаваны і асуджаны, як і шматлікія вернікі парафіі. За «антысавецкую агітацыю і стварэнне антысавецкіх арганізацый» яны былі высланы альбо расстраляны.

У 1937 годзе касцёл святой Барбары і святога Юзафа быў зачынены, але не зруйнаваны. А капліца і старыя могілкі побач з касцёлам былі цалкам разбураны. У 1939 годзе ўладамі было прынята рашэнне разбурыць і касцёл. Але да пачатку Вялікай Айчыннай вайны знішчыць паспелі толькі ўсю касцёльную маёмасць. Падчас ваенных дзеянняў былі часткова разбураны і будынак касцёла, і агароджа вакол яго.

У 1950-я гг. на месцы каталіцкіх могілак, побач з касцёлам, была размешчана аўтабаза. У гэты перыяд касцёл святой Барбары быў нядзеючым. Некаторы час у ім размяшчаўся склад штучных угнаенняў. Нягледзячы на тое, што ў Віцебску не было ніводнага дзеючага касцёла, нелегальнае рэлігійнае жыццё працягвалася. Час ад часу віцебскія вернікі збіраліся на малітвы без святара. Неаднаразова з душпастырскай паслугай да католікаў Віцебска прыязджаў ксёндз Віктар Шутовіч з Барысава.

Змяненні ў грамадскім жыцці канца 80-х гг. ХХ ст. выратавалі касцёл ад канчатковага разбурэння. У 1987 годзе Віцебскі гарвыканкам даручыў аддзелу культуры распрацаваць праект рэстаўрацыі касцёла, каб адкрыць тут арганную залу. У 1988 годзе касцёл святой Барбары быў унесены ў спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння і ўзяты пад ахову дзяржавы. У гэтым жа годзе пачалася яго рэстаўрацыя, якая была завершана ў 1994 годзе. Была адноўлена і капліца Узнясення Святога Крыжа.

Парафія святой Барбары была афіцыйна зарэгістравана 7 лютага 1992 года, і касцёл быў перададзены вернікам. Аднак на працягу яшчэ некалькіх гадоў у касцёле адбываліся канцэрты арганнай музыкі. Асвячэнне адбудаванага храма адбылося 5 чэрвеня 1993 года арцыбіскупам Казімірам Свёнтэкам. Пасля ўтварэння ў 1999 годзе Віцебскай дыяцэзіі касцёл святой Барбары стаў кафедральным, а 20 лістапада тут атрымаў біскупскую сакру з рук кардынала Казіміра Свёнтка першы біскуп Віцебскі – ксёндз Уладзіслаў Блін. Ролю кафедральнага сабора Рымска-Каталіцкай Царквы касцёл святой Барбары выконваў да чэрвеня 2011 года. На працягу апошніх гадоў у касцёле праводзяцца рэстаўрацыйныя работы. У 2020 годзе адбылася рэнавацыя цэглы сцяны.

Гонар касцёла – хор «Гасанна» (музычны кіраўнік С. Шыдлоўская), які мае высокі выканаўчы ўзровень. У скарбонцы хора – перамога на Міжнародным фестывалі ў г. Магілёве «Магутны Божа». Пры касцёле дзейнічаюць традыцыйныя суполкі – «Жывы ружанец», «Легіён Марыі», курсы для жадаючых паглыбіць свае рэлігійныя веды. Для дзяцей адкрыта нядзельная школа.

 

Касцёл святой Барбары і святога Юзафа. г. Віцебск. Фота з сайта https://avatars.mds.yandex.netКасцёл святой Барбары і святога Юзафа. г. Віцебск. Фота з сайта https://avatars.mds.yandex.netКасцёл святой Барбары і святога Юзафа. г. Віцебск. Фота з сайта https://avatars.mds.yandex.netКасцёл святой Барбары і святога Юзафа. г. Віцебск. Фота з сайта https://avatars.mds.yandex.net

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Витебск. Декабрь. Сто лет назад / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2000. – 15 дек. – С. 3.

2. Базан, В. Римско – католический костел св. Варвары / В. Базан // Витебский курьер. – 2001. – 3 апр. – С. 1.

3. Бынькоў, А. Сімвал нязломнай веры / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2013. – 10 сент. – С. 1, 8.

4. Дашкевіч, В. Захаваны святой Барбарай / В. Дашкевіч // Витебский проспект. – 2011. – 5 мая. – С. 4.

5. Дзядзінкіна, С. Храмы Віцебшчыны: Касцёл Святой Барбары / С. Дзядзінкіна // Народнае слова. – 1999. – 26 кастр. – С. 5.

6. Дощенко, М. Духовный хранитель Задвинья / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2013. – 24 окт. – С. 5.

7. Касцёл святой Варвары [Выяўленчы матэрыял] // Беларускі гістарычны часопіс. – 2008. – № 10. – На вокл.

8. Касцёл святой Барбары і святога Юзафа // Каталіцкія храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 62–63.

9. Касцёл святой Варвары ў Віцебску // Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX – пачатку XX ст. / А. М. Кулагін. – Мінск : Ураджай, 2000. – С. 109.

10. Костел Св. Варвары // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 47.

11. Костел Святой Варвары // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – С. 7.

12. Парафія Святой Барбары // Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі: 20-годдзе ўтварэння дыяцэзіі (1999–2019) / [уклад. К. Лаўрыненкі ; фота: К. Лаўрыненкі, Л. Юрыка, З. Лупача]. – Мінск : Медысонт, 2019. – С. 33–37.

13. Пісарэнка, Н. «Быць біскупам – гэта абавязак, а не гонар» / Н. Пісарэнка // Віцьбічы = Витьбичи. – 1999. – 23 нояб. – С. 2.

14. Старэйшы касцёл Віцебска / падрыхт. А. Бынькоў // Витебские вести. – 2016. – 3 дек. – С. 10.

15. Чарняўская, Т. І. Касцёл Варвары / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 64.

16. Чарняўская, Т. І. Касцёл св. Варвары / Т. І. Чарняўская, Ю. А. Якімовіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 611.