Манастыр Свята-Духаўскі жаночы і дамавая царква ў імя святой роўнаапостальнай Вольгі. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 12.01.2021 15:23
- Адноўлена 12.01.2021 16:08
Свята-Духаўскі жаночы манастыр знаходзіцца на вуліцы Талстога, 15. Належыць да Віцебскай і Аршанскай епархіі Беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы. Пры манастыры дзейнічае дамавая царква ў імя святой роўнаапостальнай Вольгі.
Манастыр аднавіў сваю дзейнасць 3 мая 2001 года згодна з рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. Келлі манашак, трапезная і дамавая царква размяшчаюцца ў будынках комплексу культурна-духоўнага цэнтра ля падножжа Успенскай гары.
Манастыр размешчаны ў мураваным будынку ХІХ ст. Мае развітую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю са складанай канфігурацыяй плана – 3 рознавялікія крылы, што абмяжоўваюць унутраны двор. Галоўны асіметрычны фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі сандрыкамі і паўкруглымі нішамі. Плоскасць фасада падзелена на паверхі прафіляваным поясам і карнізам, завершана двума трохвугольнымі франтонамі. Будынак падзелены на шэраг секцый з самастойнымі ўваходамі, пераважна са двара. У архітэктуры выкарыстаны элементы класіцызму.
У 2009–2010 гг. да асноўнага будынка XIX – пачатку XX стст. была прыстасавана двухпавярховая пабудова. Новая аднакупальная царква Святога Духа на тэрыторыі манастыра ўзведзена ў 2012 годзе і асвячона архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем.
Віцебскі Свята-Духаўскі жаночы манастыр мае вялікую гісторыю. Паводле легенды, ён быў заснаваны ў 1345 годзе пры Свята-Духаўскай праваслаўнай царкве, пабудаванай віцебскім князем Альгердам у першай палове XIV ст. на пагорку (Духаўская гара) пры сутоцы ручаёў: Гапеева, Дуная і безназоўнага. Заснаванне манастыра часцей за ўсё прыпісваюць другой жонцы Альгерда Юльяніі (Ульяне) Цвярской у другой палове XIV ст. Пры гэтым існуе меркаванне, што манастыр заснаваны ў першай палове XIV ст. першай жонкай Альгерда – Марыяй Віцебскай, а Юльянія была другой папячыцельніцай. Царква Святога Духа згадваецца ў прывілеі 1503 года, дадзеным жыхарам Віцебскай зямлі польскім каралём і вялікім князем літоўскім Аляксандрам Ягелончыкам: «Што ж нам в домы церковный, в дом Божий светое Богородицы, и в дом Божий Светого Духа, и те ж в дом Божий Благовещенья Пречистое и в иные церькви не вступатися».
У інвентары 1552 года ў ліку галоўных храмаў горада Духаўская царква не згадваецца, з чаго можна зрабіць выснову, што яна не існавала ці была ў запусценні. Але ўжо ў інвентары 1618 года царква адзначана як мураваная.
Пасля прыняцця Брэсцкай уніі 1596 года праваслаўе ў Віцебску падпадала пад гнёт. Таму аднавіліся праваслаўныя набажэнствы ў Свята-Духаўскай царкве толькі ў 1661 годзе. 18 студзеня 1697 года ўніяцкім арцыбіскупам Полацкім быў выдадзены дазвол на пабудову жаночага базыльянскага манастыра пры царкве Святога Духа. Такім чынам, першыя пабудовы ўніяцкага кляштарнага комплексу з'явіліся на рубяжы XVII – пачатку XVIII стст. У 1772 годзе Віцебск увайшоў у склад Расійскай імперыі. І ў 1792–1793 гг. Свята-Духаў храм быў цалкам перабудаваны, у левай вежы былі павешаны званы, пад царквой размясцілася крыпта з пахаваннямі, былі ўладкаваны 2 рызніцы, 7 алтароў. Былі ўзведзены каменныя 2-павярховыя келлі, гаспадарчыя пабудовы. Пры манастыры існаваў платны пансіён для дзяўчынак. У пачатку XIX ст. у манастыры жылі 14 манашак. Пры далучэнні ўніяцкіх беларускіх дыяцэзій да праваслаўя ў 1839 годзе Свята-Духаў манастыр быў перададзены Полацкай епархіі. У 1855 годзе ў манастыры было толькі 6 манашак. Неўзабаве манастыр быў зачынены.
Пасля размяшчэння ў 1872 годзе ў былым манастыры Полацкага жаночага епархіяльнага вучылішча ён быў перабудаваны. У 1902 годзе на месцы галоўнага корпуса былога манастыра пабудавалі новы трохпавярховы корпус вучылішча (зараз гэта аблвыканкам), які пераходам злучаўся з царквой Святога Духа. Царкву зачынілі ў 1923 годзе. У 1954 (1962) годзе яна была знішчана.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Витебский женский заштатный Свято-Духовский монастырь / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1996. – 26 апр. – С. 8.
2. Абрамова, И. Тишина старой набережной / И. Абрамова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 7 февр. – С. 4.
3. Большакова, Е. Освящение храма / Е. Большакова // Народнае слова. – 2012. – 29 лістап. – С. 10.
4. Лебедев, Г. П. Витебский Свято-Духов женский монастырь, его история и перспектива воссоздания / Г. П. Лебедев. – Витебск : Свято-Духов женский монастырь, 1998. – 30 с. – (Наши святыни).
5. Матвеева, Т. Обитель Духа Святого / Т. Матвеева // Витебский проспект. – 2009. – 17 сент. – С. 4–5.
6. Николина, В. Храм освящен / В. Николина // Віцебскі рабочы. – 2012. – 6 снеж. – С. 16.
7. Писаренко, Н. Торжество Святого Духа / Н. Писаренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 29 нояб. – С. 4.
8. Пукшанскі, А. Асвяцілі храм у Віцебску / А. Пукшанскі // Звязда. – 2012. – 5 снеж. – С. 2.
9. Свята-духаўскі жаночы манастыр // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі.– Мінск : БелЭн, 2007. – С. 83–84.
10. Свято Духов женский монастырь // Духовные святыни Витебщины = Geistliche Нeiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – С. 2.
11. Сергия (монахиня). В тихой обители / Сергия (монахиня) // Народнае слова. – 2008. – 22 крас. – С. 5.
12. Со времен Ольгерда / подгот. Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 20 янв. – С. 12.
13. Федорова, Е. Жизнь на «молитвенном островке» / Е. Федорова // Вiцебскі рабочы. – 2005. – 11 жн. – С. 15.
14. Церковь во имя Св. княгини Ольги // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 43.
15. Шпаковская, Г. Монахиня Варвара / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 16 снеж. – С. 6.