Сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 13.01.2021 15:23
- Адноўлена 13.01.2021 09:57
Сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы знаходзіцца на перакрыжаванні вуліц Леніна і Шубіна (вуліца Шубіна, 2). Гэта помнік архітэктуры класіцызму. Яго традыцыйная трохнефавая базіліка заходняга тыпу з франтальнага боку фланкіравана дзвюма 1-яруснымі 4-граннымі вежамі-званіцамі з пазалочанымі гранёнымі макаўкамі ў завяршэнні паўсферычных купалаў, па цэнтры дэкарыраваны накладным 4-калонным порцікам з лучковым франтонам. Двухсхільны дах цэнтральнага высокага нефа пасярэдзіне завершаны цыліндрычным светлавым барабанам пад сферычным купалам з галоўкай на высокай шыі. Галоўны прамавугольны ўваходны партал вылучаны арачным франтонам з фрэскай «Маці Божая», над ёй – квадратнае пано-фрэска «Троіца», па баках увахода – арачныя нішы з абразамі «Прападобны Серафім Сароўскі» і «Прападобная Еўфрасіння Полацкая». Бакавыя фасады рытмічна члянёны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. 3 класічнай архітэктуры выкарыстаны трохвугольныя франтоны па гранях вежаў, тонкапрафіляваны перыметральны карніз, іанічныя капітэлі на пілястрах званіц.
Унутры 3-нефавая малітоўная зала перакрыта цыліндрычным (па цэнтры) і крыжовымі (па баках), абапёртымі на магутныя 4-гранныя ўстоі і перакінутыя паміж імі аркі скляпеннямі блакітнай афарбоўкі з трафарэтнымі зоркамі і арнаментальнай размалёўкай (на арках). Па перыметры зала апяразана магутным прафіляваным карнізам з паўкруглымі люкарнамі над ім. Паўкруглая апсіда вылучана 2-ярусным гіпсавым іканастасам (пакрыты арнаментальнай рэльефнай разьбой, верхні аркатурны ярус запоўнены 9 пазалочанымі абразамі). Міжнефавыя слупы-ўстоі пакрыты фрэскавымі выявамі евангелістаў. Пры ўваходзе на 3-пралётнай аркадзе і цыліндрычным скляпенні ўзнята галерэя хораў, апяразаная філёнгавым парапетам. У высокай арачнай нішы апсіды размешчана фрэскавая выява Маці Божай.
З гісторыі вядома, што раней Пакроўская царква існавала ў комплексе са Свята-Духаўскай. І на месцы, дзе зараз знаходзіцца сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, у 1760 годзе былі пабудаваны з дрэва касцёл і кляштар манахаў ордэна трынітарыяў (членамі каталіцкага ордэна Святой Троіцы). Драўляны касцёл уяўляў сабой чатырохзрубавае крыжовае ў плане збудаванне з купалам над сяродкрыжжам. На заходнім фасадзе перад уваходам у храм знаходзіўся прыбудаваны тамбур. Такі выгляд храма адлюстраваны на адным з малюнкаў Ю. Пешкі канца XVIII ст. Драўляны жылы корпус кляштара меў Н-падобную ў плане форму і злучаўся з алтарнай апсідай касцёла. Акрамя яго ў склад комплексу ўваходзілі драўляныя флігель, дом для чэлядзі, хлеў, пуня і іншыя гаспадарчыя забудовы.
У пачатку XIX ст. пачалася перабудова кляштара і касцёла з цэглы. Спачатку ў 1806 годзе быў узведзены двухпавярховы прамавугольны ў плане жылы корпус. На першым паверсе размяшчаліся сталовая, кухня і дзве келлі з каморай і альковам, на другім – зала, бібліятэка і 4 келлі. У ліпені 1814 года пачалося будаўніцтва падмурка новага касцёла, які быў асвячоны 1 мая 1821 года. Але пасля паўстання 1831 года, каталіцкі храм быў зачынены. На працягу доўгага часу комплекс не меў гаспадароў. У 1840 годзе ў манастырскім корпусе быў адкрыты прытулак для дзяцей-сірот, які знаходзіўся там 6 гадоў. Праз некаторы час у будынку размяшчалася жаночая турма. Былы касцёл не меў гаспадароў на працягу 25 гадоў.
У 1847 годзе храм перадалі праваслаўнай епархіі. У 1858 годзе атрымалі дазвол на перабудову святыні, якая з гэтага часу вядома як Петрапаўлаўская царква. Царква была адрамантавана і перабудавана на сродкі віцебскага купца 2-й гільдзіі Грыгорыя Ваўковіча. Рэканструкцыя завершана ў 1865 годзе. Перабудова прынцыпова не змяніла архітэктуру храма, але над уваходам з'явілася роспіс Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Адноўлены храм быў асвячоны ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Другі раз храм перабудоўваўся ў пачатку XX ст. да юбілею 300-годдзя дома Раманавых, у выніку чаго быў узведзены трэці купал над цэнтральнай часткай храма, надбудаваны вежы, трохвугольны франтон замянілі лучковым.
У 30-я гг. ХХ ст. храм зачынілі. Зноў Свята-Пакроўская царква была адкрыта ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У жніўні 1941 года з мясцовага антырэлігійнага музея ў храм перанесена святыня – мошчы прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. У 1943 годзе яны былі перавезены ў Полацкі Сафійскі сабор.
У час вызвалення горада царква была часткова разбурана (знесены друі ярус вежаў, купал, дах). У такім выглядзе прастаяла да канца 1980-х гг. У гэтыя ж 80-я гг. храм вырашылі ўзарваць, але ў дзяржаве пачалася перабудова, якая дала магчымасць грамадскаму руху інтэлігенцыі горада «Узгор'е» выратаваць храм і іншыя будынкі ад знішчэння.
У 1986 годзе было вырашана адрэстаўрыраваць Свята-Пакроўскую царкву. 20 лістапада 1989 года абшчына вернікаў была афіцыйна зарэгістравана. На свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы 14 кастрычніка 1990 года адбылося першае набажэнства ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Рэстаўрацыя сабора (архітэктары Б. У. Лядзенка, І. М. Рацько) завершана ў ліпені 1992 года.
Падчас святкавання 1000-годдзя праваслаўя на Беларусі сабор быў асвячоны.
25 верасня 1998 года храм наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II. 3 гэтай нагоды на фасадзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў былым манастырскім корпусе размяшчаецца Троіцкі дом з прыпісным храмам (хрысцільным) – царквой у імя святога мучаніка Афанасія Брэсцкага.
Комплекс былога трынітарскага кляштара з касцёлам і кляштарным корпусам мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь II катэгорыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Дорога к Свято-Покровскому храму / подгот. Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 21 нояб. – С. 1. – (Прилож: Вечерний Витебск).
2. За Замкавым ручаём // Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – С. 157–175.
3. Кавалеўскі, С. Пакроўскі сабор / С. Кавалеўскі ; фота А. Сцепанішчава // Витебские вести. – 2013. – 5 окт. – С. 9.
4. Кафедральный собор во имя Покрова Пресвятой Богородицы // Храмы и приходы Витебской Епархии Белорусской Православной Церкви : справочник действующих монастырей и храмов / сост.: А. Матвеев, Н. Дубенецкий ; гл. ред. А. Алексеев. – Витебск : Издательский отдел Витебской епархии, 2002. – С. 24–28.
5. Кукуня, В. Р. Свята-Пакроўскі кафедральны сабор / В. Р. Кукуня, І. М. Роцька // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 611–612.
6. Палейко, А. «Не хотелось войти в историю разрушителями храмов» / А. Палейко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 21 февр. – С. 10.
7. Писаренко, Н. Покров для души / Н. Писаренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 31 янв. – С. 11.
8. Роцька, І. Касцёл трынітарскага кляштара ў Віцебску: архітэктурны аналіз / І. Роцька // Віцебскі сшытак. – 1997. – № 3. – С. 92–94.
9. Сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 82–83.
10. Свята-Пакроўскі сабор // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 40.
11. Свята-Пакроўскі сабор у Віцебску : [Выяўленчы матэрыял] / фота М. Гальпяровіча // Беларускі гістарычны часопіс. – 2008. – № 10. – На каляр. уклад.
12. Свято-Покровский кафедральный собор / подгот. Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2004. – 27 мая. – С. 6.
13. Свято-Покровский кафедральный собор // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 45.
14. Свято-Покровский кафедральный собор // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – С. 2.
15. Соловьева, Т. Спасенный Покровом Богородицы / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 23 сент. – С.10.
16. Храмы Віцебшчыны: Свята-Пакроўскі сабор // Народнае слова. – 1999. – 4 снеж. – С. 5.
СПАСЫЛКІ