Сабор у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 13.01.2021 15:23
- Адноўлена 13.01.2021 11:12
Свята-Успенскі кафедральны сабор у Віцебску – адзін з унікальных старажытных храмаў Беларусі, які на пачатку XXI ст. быў адноўлены. Сёння гэта адзіны сабор у Віцебску, ніжні дзеючы ярус якога знаходзіцца пад зямлёй. Сабор размешчаны ў цэнтральнай гістарычнай частцы горада, на левым беразе р. Заходняя Дзвіна пры яе зліцці з р. Віцьбай.
Першыя звесткі пра існаванне тут царквы з манастыром адносяцца да 1406 года. Гісторыя сучаснага Успенскага сабора пачынаецца з моманту, калі віцебскі падкаморый Я. Кісель на ўласныя сродкі аднавіў манастырскія пабудовы, а царква, названая ў гонар Успення Найсвяцейшай Багародзіцы, была адбудавана на грошы кляштарнага брацтва. Гэта здарылася ў 1682 годзе. Тады на месцы драўлянай Успенскай царквы, якая была разбурана ў 1630 годзе (пасля забойства ўніяцкага архіепіскапа І. Кунцэвіча), быў пабудаваны драўляны храм і пры ім заснаваны манастыр базыльян. Царква неаднойчы гарэла ў пажарах. Адзін з такіх пажараў датуецца 1708 годам.
У 1743–1775 (1715–1743?) гг. базыльяне пабудавалі новую мураваную царкву і пры ёй 3-павярховы кляштар (італьянскі архітэктар Іосіф Фантана III). Але будаўніцтва канчаткова было скончана толькі ў 1785 годзе. На малюнку мастака Ю. Пешкі пачатку XІХ ст. відаць, як удала быў пастаўлены магутны архітэктурны комплекс – бачны з усіх бакоў, з абодвух берагавых частак горада.
Пасля далучэння Віцебскай губерні да Расійскай імперыі (1772) генерал-губернатар граф Чарнышоў загадаў скончыць будаўніцтва спаленага храма да 1777 года. Паводле загада імператара Паўла I, які наведаў Віцебск (1796), у 1799 годзе базыльянскі манастыр быў перададзены праваслаўным, Успенская царква была перабудавана і перайменавана ва Успенскі сабор. Частка манахаў-базыльян была пераведзена ў зарэчную Петра-Паўлаўскую царкву. Манастырскі корпус у 1799–1849 гг. быў заняты дзяржаўнымі ўстановамі, з 1856 года прыстасаваны пад духоўную семінарыю. У 1913 годзе імператарскай археалагічнай камісіяй выдадзены дазвол на рамонт храма, што «належыў да тых нешматлікіх праваслаўных храмаў, якія адразу ўражваюць сваёй прыгажосцю і веліччу».
Сабор – твор архітэктуры стылю сталага барока. Развітую аб'ёмна-прасторавую пабудову храма фарміравалі магутныя аб'ёмы рознавялікіх нефаў, паўкруглая апсіда. Маляўнічы сілуэт узбагачалі 3 фігурныя галавы-ліхтары над магутным сферычным купалам (надбудаваны ў 1804) і на 2 вежах франтальнага фасада. У афармленні галоўнага фасада выкарыстаны класічны карынфскі ордэр, сродкамі якога (пілястры, шматпрофільныя карнізныя паясы, арачныя нішы, фігурныя ліштвы) яму была нададзена амаль скульптурная пластычнасць і тэктанічнае 5-часткавае чляненне. Цэнтральная частка ў ХІХ ст. набыла завяршэнне ў выглядзе трохвугольнага класічнага франтона.
Інтэр'ер фарміравалі 5 нефаў з адкрытым светлавым цыліндрычным барабанам і 3 ярусамі бакавых аконных праёмаў. Адпаведная экстэр'еру будынка пластычнасць інтэр'ера стваралася цыліндрычнымі скляпеннямі цэнтральнага нефа і трансепта, крыжовымі бакавых, сферычнымі купаламі капэл. Цэнтральны неф пераходзіў у паўкруглую апсіду, якая ў 1835–1837 гг. была вылучана магутным іканастасам. Па 2-м ярусе апсіды праходзіла абходная галерэя, злучаная з бакавымі нефамі, крайнія з якіх былі расчлянёны на шэраг капэл. У ХІХ ст. асвячоны прыдзел у імя трох свяціцеляў (Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Златавуста). У храме меўся ўшанаваны як цудатворны абраз «Маці Божай» (упамінаецца ў 1716 годзе).
Храм зруйнаваны ў 1936 годзе. Праз 15 гадоў на месцы Успенскага сабора пабудавалі цэх завода заточных станкоў, але ў 80-я гады будынак прыйшоў у запусценне, а ў 1998 годзе цэх зруйнавалі.
У 1990-я гг. быў распрацаваны праект адраджэння храма (архітэктары І. М. Рацько і А. Міхайлюкоў). У 1998 годзе Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II заклаў сімвалічны камень у падмурак будучага храма.
У чэрвені 2000 года пачалося актыўнае аднаўленне сабора. І ўжо праз тры гады была здзейснена першая літургія ў гонар Праабражэння Гасподняга ў ніжнім ярусе храма, які на той момант яшчэ знаходзіўся на стадыі будаўніцтва. Ніжні ярус дабудавалі ў 2005 годзе. Праз год быў узведзены першы паверх Успенскага сабора, а да канца 2007 года дабудавалі другі і ўзвялі званіцы. У перыяд з 2008 па 2011 гг. усталявалі 21 званіцу на паўднёвай і паўночнай вежах. Дарэчы, тут жа ўстаноўлены самы вялікі звон ва ўсёй Беларусі, вага якога – 5,2 т.
Урачыстае адкрыццё Свята-Успенскага кафедральнага сабора адбылося 7 красавіка 2011 года.
Сучасная царква мае надзвычай развітую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю 5-нефавай крыжова-купальнай базілікі з дзвюма вежамі на галоўным фасадзе. Паўкруглая апсіда цэнтральнага нефа абкружана абходнай галерэяй – працягам бакавых. Крайнія нефы падзяляюцца на шэраг капэл, якія разам з крыламі трансепта і сакрысціямі ўкампанаваны ў агульны прамавугольны план. Галоўны фасад мае пяцічасткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Цэнтральная частка, выгнутая ўперад, завяршаецца трохвугольным франтонам, а 4-ярусныя вежы – фігурнымі купалкамі. Сяродкрыжжа ўвенчана магутным светлавым васьмігранным барабанам са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны філёнгавыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Цэнтральны неф і трансепт перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкай, бакавыя нефы – крыжовымі, капэлы – сферычнымі купаламі.
Існуе шмат легенд, звязаных з Успенскім саборам. Паводле адной з іх, у храме ёсць падземны ход, які вядзе да Заходняй Дзвіны. Але на самой справе гэта быў не падземны ход, а свайго роду дрэнажная сістэма, створаная пры будаўніцтве Успенскага сабора, дзякуючы якой з падвалаў храма грунтавыя воды адводзіліся ў Заходнюю Дзвіну. А вышыня скляпенняў была такой, што можна было прайсці, не згінаючыся.
ЛІТАРАТУРА
1. Бакевич, Э. Самый большой колокол Беларуси / Э. Бакевич // Віцебскі рабочы. – 2011. – 5 марта. – С. 2.
2. Бегунова, Е. Возрождение святыни / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2011. – 5 сак. – С. 2.
3. Габрусь, Т. В. Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян / Т. В. Габрусь // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 123.
4. Жилина, И. Святыня над Двиною / И. Жилина // Мы і час (Віцебск). – 2013. – 26 чэрв. – С. 3.
5. Залесская, С. Храм над Западной Двиной / С. Залесская // Белорусская нива. – 2009. – 23 дек. – С. 3.
6. Иванов, В. Поклонный крест на Павловском мысу / В. Иванов // Белорусская нива. – 2013. – 27 июля. – С. 15.
7. Ивченко, Л. Пусть бережно хранит людская память / Л. Ивченко // Віцебскі рабочы. – 2011. – 1 окт. – С. 2.
8. Калинина, А. «Свет мира» / А. Калинина // Віцебскі рабочы. – 2013. – 18 мая. – С. 8.
9. Кузина, О. Христианские реликвии со Святой горы / О. Кузина // Витебский проспект. – 2012. – 17 мая. – С. 3.
10. Ляшук, С. Возрожденная святыня / С. Ляшук // Витебские вести.–- 2018. – 9 авг. – С. 20.
11. Матвеева, Т. Святыню увенчали золотые купола / Т. Матвеева // Витебский проспект. – 2008. – 25 сент. – С. 3.
12. На Успенскай гары // Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – С. 122–136.
13. Николина, В. Прошел молебен / В. Николина // Віцебскі рабочы. – 2012. – 15 лістап. – С. 16.
14. Пастернак, Т. На главном храме воздвигли главный крест / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2009. – 1 студз. – С. 2.
15. Пастернак, Т. Наша сила – в единении и духовности / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2013. – 10 студз. – С. 1.
16. Пастернак, Т. Святыня на Успенской горе / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2010. – 7 кастр. – С. 1.
17. Писаренко, Н. Всюду ярко радость блещет / Н. Писаренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 10 янв. – С. 1.
18. Поплывет над городом колокольный звон // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 11 февр. – С. 2.
19. Прогулка к храму / подгот. Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 6 нояб. – С. I.
20. Пукшанскі, А. Крыж з Віцебска як сімвал марскога братства / А. Пукшанскі // Звязда. – 2013. – 27 ліп. – С. 4.
21. Роцька, І. Аднаўленне Свята-Успенскага сабора ў Віцебску / І. Роцька, Ю. Сакалоўскі // Архитектура и строительство. – 2012. – № 3. – С. 24–27.
22. Сабор у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі.– Мінск : БелЭн, 2007. – С. 465–466.
23. Сапунов, А. П. Витебский Успенский собор в связи с событиями из религиозной жизни витеблян / А. П. Сапунов. – Витебск, 2001. – 34 с.
24. Свято-Успенский кафедральный собор // Духовные святыни Витебщины = Geistliche Нeiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – С. 4.
25. Соловьева, Т. Что помнит Успенский собор / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 17 июня. – С. 7.
26. Степанищева, В. С храмом возрождается душа / В. Степанищева // Народнае слова. – 2011. – 1 кастр. – С. 3.
27. Сыс, Е. ...И звона благодать / Е. Сыс // Віцебскі рабочы. – 2008. –17 ліп. – С. 1, 16.
28. Храм ожил // Народнае слова. – 2003. – 8 мая. – С. 3.
СПАСЫЛКІ