Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы (Дабравешчанская царква). г. Віцебск

Царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы знаходзіцца на левым беразе Заходняй Дзвіны, на плошчы 1000-годдзя Віцебска, на месцы былога намесніцка-гандлёвага пасада Ніжняга Замка. Пабудавана ў 1120–1130 гг. грэчаскімі дойлідамі.

Гэта помнік полацкай школы дойлідства, прыклад творчай перапрацоўкі крыжова-купальнага базілікальнага тыпу візантыйскага храма. Уяўляла сабой выцягнуты ў плане прамавугольны аб'ём на высокім цокалі з вялікай паўкруглай цэнтральнай апсідай, якая выступала з тыльнай усходняй сцяны і была дэкарыравана тонкімі калонкамі. Шырыня храма 11,1 м, даўжыня без апсіды 18,2 м, з апсідай – 21 м, таўшчыня сцен ад 1,1 да 1,5 м. Паводле малюнка 1664 года царква мела 1 купал на барабане, паводле малюнка XIX ст. – вялікі 8-гранны драўляны купал. Побач знаходзілася мураваная званіца. Бакавыя фасады плоскімі лапаткамі дзяліліся на 4 амаль аднолькавыя праслы, завершаныя закамарамі, пакрытымі дахамі-бочкамі. З паўднёвага, паўночнага і заходняга боку размяшчаліся арачныя ўваходныя парталы з невялікімі прытворамі. Фасады былі атынкаваны, расшыты пад квадравую рустоўку. Канструкцыйна будынак быў выкананы ў візантыйскай тэхніцы муроўкі: гарызантальныя рады блокаў-квадраў абчасанага жоўтага каменю-вапняку чаргуюцца з пракладзенай паміж імі па 1–4 рады тонкай цэглай-плінфай (выяўлены шэраг плінфаў з клеймамі). Муроўка замацавана растворам так званай ружовай цамянкі – сумесь вапны з тоўчанай цэглай. Канструкцыйна сцены ўмацоўваліся гарызантальна пакладзенымі ў 2 рады бярвёнамі.

Унутры 6 крыжовых у сячэнні слупоў дзеляць залу на 3 нефы, сярэдні – шырэйшы за бакавыя і завершаны вонкавай апсідай, бакавыя – паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У заходняй частцы на пары слупоў размяшчаліся хоры, на якія вялі ўсходы ў тоўшчы фасаднай сцяны. Бакавыя часткі хораў былі заняты капліцамі з невялікімі апсідамі ў тоўшчы сцен. Нартэкс пад хорамі вылучаны глухім прасценкам.

Інтэр'ер царквы быў багата ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай XII ст., якая пакрывала ўсе плоскасці сцен (захаваліся выява анёла і дэкор вакол праёмаў і ўздоўж сцяны каля падлогі). У 1623 г. уніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч загадаў забяліць вапнай старажытныя праваслаўныя фрэскі. Геаметрычны дэкор меў выгляд ланцужкоў з трохвугольнікаў ці ступеньчатых пірамід. Каларыстычная гама карычнева-чырвоная, ружова-жоўтая, зялёна-блакітная. Фрагмент фрэскавай выявы воіна са старажытна-славянскімі літарамі зняты з партала галоўнага ўвахода, захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

Царква неаднаразова пераходзіла ад уніятаў да праваслаўных і наадварот, перабудоўвалася. Так, у 1619 годзе царква разам з асобнапастаўленай драўлянай званіцай перайшла да ўніятаў. У сярэдзіне XVII ст. перабудавана – замест арачных закамар з'явіліся 2-гранныя шчыпцы, якія абумовілі 8-схільнае пакрыццё царквы, падобнае наўгародскім храмам. У 1714 г. і 1759 г. царква зноў перабудоўвалася ў стылі віленскага барока (уніяцкае храмавае будаўніцтва): заходні фасад фланкіраваны 2 вежамі-званіцамі, прыбудаваны прытвор з трохвугольным франтонам; да паўднёвага фасада прыбудаваны 2-павярховы прытвор; купал заменены на сігнатурку над апсідай. У 2-й палавіне XIX ст. архітэктура храма набыла рэтраспектыўна-рускую стылёвую афарбоўку – зняты вежы-званіцы, над дахам узведзены вялікі драўляны 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам. Зараз над храмам узведзены цыліндрычны барабан пад паўсферычным купалам. На галоўным фасадзе 3 арачныя праслы з арачнымі аконнымі праёмамі і блендамі. На фасадах рэстаўратары пакінулі адкрытымі фрагменты старажытнай плінфавай муроўкі.

У 1812 годзе французы выкарыстоўвалі царкву пад склад боепрыпасаў. У 1831 годзе храм быў вернуты праваслаўным, але знаходзіўся «в самом неустроенном и не имеющем никакого благолепия положении». Адрамантаваны ў 1833 годзе губернскім архітэктарам Беціні.

Царква была пашкоджана ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але захавалася ў адносна неблагім стане. У 1944 годзе былі зроблены абмеры і даследаванні царквы, а таксама падрыхтаваны праект кансервацыі і рэстаўрацыі храма. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 13 верасня 1953 года царква ў гонар Благавешчання была прынята пад ахову дзяржавы. Але ўжо ў 1961 годзе віцебскія ўлады дабіваліся таго, каб помнік выйшаў з-пад аховы дзяржавы з мэтай далейшага яго зруйнавання. У снежні 1961 года царква была разбурана. А менш чым праз месяц Савет Міністраў БССР пастанавіў узяць пад ахову ўжо руіны помніка. У 1977 годзе праведзена кансервацыя рэшткаў царквы (архітэктар С. А. Друшчыц). У 1992 годзе Г. А. Лаўрэцкім быў распрацаваны праект аднаўлення царквы ў першапачатковым, найстаражытнейшым выглядзе. Работы пачаліся ў 1993 годзе. Арыгінальную каменную кладку, у адрозненне ад надбудовы, пакінулі неатынкаванай, каб можна было ўбачыць як выглядалі сцены ў першыя стагоддзі пасля пабудовы. У 1997 годзе царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы была адноўлена.

26 верасня 1998 года храм наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II.

Першая служба ў адноўленым храме прайшла 7 студзеня 1999 года. У 2006 годзе была завершана размалёўка сцен. У Свята-Благавешчанскім храме знаходзіцца ікона Маці Божай Аршанскай.

Найбольш старажытны малюнак царквы адносіцца да 1664 года. Выява царквы захавалася на акварэлі Ю. Пешкі (пачатак XIX ст.). Археалагічныя даследаванні праводзілі І. Хозераў (1946), Г. В. Штыхаў (1964), М. К. Каргер (1968) і П. А. Рапапорт (1975), А. Трусаў.

 

Царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. г. Віцебск. Фота з сайта http://vitebskcity.byЦарква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. г. Віцебск. Фота з сайта https://lh3.googleusercontent.comЦарква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. г. Віцебск. Фота з сайта https://globus.tut.byАрыгінальная каменная кладка царквы ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. г. Віцебск. Фота з сайта https://lh3.googleusercontent.com/

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Благовещенская единоверческая церковь / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2000. – 21 марта. – С. 3.

2. Благовещенская церковь // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 43.

3. Благовещенская церковь в Витебске // Белорусское и Смоленское зодчество: ХІ–ХІІІ вв. / И. М. Хозеров. – Минск : Навука і тэхніка, 1994. – С. 83–86.

4. Віцебская Благавешчанская царква / Заходняя Русь ІХ–ХІІІ стст.: вучэбны дапаможнік для ВНУ / Э. М. Загарульскі. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 197.

5. Вяшчункі дабра // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагин, Ю. У. Чантурыя. – Мінск : Полымя, 1998. – С. 60–68.

6. Габрусь, Т. В. Дабравешчанская (Благавешчанская царква) / Т. В. Габрусь // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 607–610.

7. Дабравешчанская царква ў Віцебску // Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. – Мінск : Ураджай, 2001. – С. 23–24, 187–188.

8. Жемчужина на берегу Двины / подгот. Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 31 окт. – С. I.

9. Лаврецкий, Г. «Свет невечерний» над Двиною / Г. Лаврецкий // Архитектура и строительство. – 1999. – № 6. – С. 16–17.

10. Писаренко, Н. Начало нашего спасения / Н. Писаренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 10 апр. – С. 1.

11. Под знаком светлого Благовещения / подгот. Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 20 мая. – С. 8.

12. Подлипский, А. Как спасали Благовещенскую церковь / А. Подлипский // Народнае слова. – 2008. – 6 верас. – С. 5.

13. Пукшанскі, А. Забіла крыніца ля старажытнага храма / А. Пукшанскі // Звязда. – 2010. – 18 верас. – С. 1.

14. Свята-Дабравешчанская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. –С. 39–40.

15. Фрески церкви Благовещения в Витебске // Живопись Полоцкой земли ХI–ХII вв. / А. А. Селицкий. – Минск : Навука i тэхнiка, 1992. – С. 80–85.

16. Трусаў, А. Віцебская архітэктурная школа XII ст. Гісторыя будаўнічай тэхнікі / А. Трусаў // Беларускі гістарычны часопіс. – 2019. – № 5. – С. 30–34.

17. Царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 81–82.

18. Церковь Благовещения Пресвятой Богородицы // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – С. 2.

19. Ширма, В. Благовещенская церковь / В. Ширма // Віцьбічы = Витьбичи. – 2006. – 19 дек. – С. 5.

20. Штыхаў, Г. В. Благавешчанская царква / Г. В. Штыхаў, В. В. Церашчатава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 48–49.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Павлинов, А. М. Древние храмы Витебска и Полоцка. Деревянные церкви в г. Витебске