Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай. г. Віцебск

Царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай Свята-Троіцкага (Маркава) мужчынскага манастыра знаходзіцца ў Віцебску на вуліцы Горкага, 87. Яна пабудавана ў 1760 годзе з цэглы. У даўнія часы на яе месцы стаяла драўляная Петрапаўлаўская царква, пабудаваная ў 1650-я гг. У 1690 годзе царква згарэла, і на яе месцы пабудавалі новую. Але потым і гэтая царква была разбурана, і ў 1760 годзе з'явіўся новы каменны храм. У 1918 годзе манастыр зачынілі, але Пакроўская (Казанская) царква захавалася, толькі ў маі 1922 года былі канфіскаваны ўсе каштоўнасці ў дапамогу галадаючым Паволжа – сярэбраныя рызы з абразоў «Святая Троіца», «Святы Мікалай» (2 абразы), лампады, залаты крыж архімандрыта з 11 аметыстамі, 50 жамчужынамі і 8 алмазамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны і нямецкай акупацыі быў адчынены прыход Пакроўскай царквы. Тады ж гэтую царкву пераасвяцілі ў храм Казанскай іконы Божай Маці.

Царква – помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Першапачаткова храм меў крыжова-купальную кампазіцыю – да асноўнага кубападобнага аб'ёму далучаны 3 паўкруглыя апсіды і развіты прытвор. У 1995 годзе над дахам узведзены гранёны купал, над уваходным парталам – макаўка. Сцены члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках і вуглах. Плоскасныя фасады завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. Алтарная апсіда дэкарыравана стукавай рамай-блендай. З захаду да царквы прыбудавана Мітрафанаўская царква (1847), якую назвалі так у гонар першага епіскапа Варонежскага і Цудатворца Мітрафана. Інтэр'ер царквы 2 сценамі з арачнымі праёмамі падзелены на 3 нефы: цэнтральны пераходзіць у вонкавую апсіду, бакавыя – меншыя. У цэнтр галоўнага нефа праз плоскую столь раскрываўся драўляны светлавы ліхтар. У 2005 годзе замест яго пастаўлены самы вялікі ў горадзе купал. Мастацкую каштоўнасць уяўляюць абразы XVІІІ–ХІХ стст.

Казанская царква з'яўляецца адзіным будынкам з вялікага комплексу пабудоў віцебскага Свята-Троіцкага (Маркава) мужчынскага манастыра, які захаваўся да нашых дзён. І адзіным праваслаўным храмам г. Віцебска, які заставаўся дзеючым у савецкі час. Заціснутая з усіх бакоў прамысловымі будынкамі, яна знаходзілася далёка ад цэнтра горада і, магчыма, толькі таму захавалася. Галоўны трон парафіі гэтай царквы асвечаны ў гонар Казанскай іконы Божай Маці, а прыбудоўка ў гонар прападобнага Сергія Раданежскага. Зараз у храм вяртаюцца іконы, канфіскаваныя ў гады ганенняў. Так здарылася і з Казанскай іконай Божай Маці ў сярэбраным акладзе, якая была перададзена Маркаву манастыру ў 1657 годзе Патрыярхам Ніканам. Ікона лічылася ў народа цудатворнай, да яе заўсёды сцякалася вялікая колькасць паломнікаў. З 2014 года Казанская віцебская ікона Божай Маці ўключана ў афіцыйны царкоўны каляндар для агульнацаркоўнага ўшанавання. Яна выносіцца на хросныя хады ў дні вялікіх святаў.

 

Царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай. г. Віцебск. Фота з сайта http://vitebskcity.byПакроўская (Казанская) царква ў пачатку XX ст. г. Віцебск. Фота з сайта http://www.evitebsk.com/wiki

ЛІТАРАТУРА

1. Дощенко, М. Обитель на холмах / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2014. – 2 янв. – С. 4.

2. Ерашова, В. Партизанский связной / В. Ерашова // Наше православие. – 2016. – № 4 (апр.). – С. 5.

3. Кулагін, А. М. Казанская царква / А. М. Кулагін, Т. І. Чарняўская // Памяць : Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [іінш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 610–611.

4. Свята-Пакроўская (Казанская) царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 40.

5. Царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі.– Мінск : БелЭн, 2007. – С. 85.

6. Свято-Казанская церковь // Витебск : путеводитель / текст: Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск :Рифтур, 2006. – С. 44.

7. Чарняўская, Т. І. Казанская царква / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 63–64.

8. Соловьева, Т. Тайны Казанской и Маркова монастыря / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 22 июля. – С. 10.

9. Храмы Витебщины : [фото] // Народнае слова. – 1999. – 16 лiстап. – С. 5.